У Менску асудзілі чарговага ўдзельніка маршу работнікаў МТЗ у 2020 годзе



У судзе Партызанскага раёна Менска разгледжаная крымінальная справа работніка ліцейнага цэха МТЗ Дзяніса Пучака, аднаго з удзельнікаў шэсця трактаразаводцаў у жніўні 2020 года. Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Па матэрыялах абвінавачання, Дзяніс прыняў удзел у шэсці рабочых у цэнтр Менска. Знаходзячыся на вуліцы Даўгабродскай, парушаў грамадскі парадак, перашкаджаў працы грамадскага транспарту, не рэагаваў на заклікі супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні.

Суд прызнаў Пучака вінаватым і вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў. Яго вызвалілі з пад арышту адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Вясна