Ігар Палынскі: Веру ў шчаслівы лёс Беларусі



„Госць Рацыі” музыка і журналіст Ігар Палынскі, як і шматлікія беларусы, быў вымушаны з’ехаць з краіны. Цяпер жыве ў Беластоку, займацца культурнай і грамадскай дзейнасцю. Але ў Беларусі пра яго „не забылі”. Пагаворым пра тое, як гэта быць „экстрэмістам”, і ці верыць наш госць у „лёс Беларусі шчаслівы”, пра што спявае ў сваёй песні.

Кліп гурта „Sumarok” на песню „Чэрці” суд  прызнаў так званымі „экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Гэты кліп знімалі ў 2020 годзе. Таксама ў „экстрэмісцкі” спіс трапіла і асабістая старонка ў сацыяльнай сетцы ВК.

РР: Як успрынялася гэта інфармацыя?

Позна ўвечары я ўбачыў гэтую навіну пра старонку непасрэдна. У мяне першыя думкі, а чаму ВК, чаму не Твітэр, чаму не Фэйсбук? Там жа ўсё яшчэ больш экстрэмісцкае. Відаць яны яшчэ не дарасці да такіх тэхналогій. Насамрэч гэта забаўна, гэта смешна, але гэта ў некаторай ступені і страшна. У мяне ёсць асабісты страх, што зараз пачнуцца нейкія гісторыі з рэпостамі старымі з маёй старонкі, кагосьці могуць не дай Божа пачаць шчаміць. Я зараз думаю, што з гэтым усім рабіць. Або выдаляць старонку зусім, а шкада, бо там такі юнацкі падлеткавы архіў досыць буйны. Таксама шмат камунікацый, якія хацелася б захаваць. Штосьці з гэтым прыдумаю, але гэта ўжо пытанне бяспекі. Я канешне адразу папрасіў усіх выдаліцца з сяброў для бяспекі, у мяне вельмі шмат людзей сышлі з гэтай старонкі. Што тычыцца кліпа, то гэта была такая напластаваная гісторыя. Спачатку на кліп звярнулі ўвагу, не столькі на сам кліп, а на невялічкае інтэрв’ю, хутчэй каментар, з нагоды выхаду, якія я даваў „Рэгіянальнай газеце” у Маладэчне. Гэты артыкул прызналі экстрэмісцкім.

РР: Артыкул пра гэты кліп?

Так. Я ўсё чакаў, калі ж нарэшце і кліп прызнаюць.

РР: Гэта ўжо і час нейкі прайшоў.

– Можа паўтара года, можа год. То бок досыць даўно. Я ўсё чакаў, калі ж ужо нарэшце „па заслугах мне ваздасца”. Вось нарэшце гэта адбылося. „Самы гуманны суд” Маладэчанскага раёна вырашыў, што гэта вельмі штосьці экстрэмісцкае.

РР: Некалькі словаў пра гэты кліп.

Мы здымалі яго ў Маладэчне. Сама песня такую гісторыю даволі забаўную таксама мае. Я напісаў яе ў 2015, гэта была такая рэфлексія на выбары 2010. Пасля абсалютна бяззубых выбараў 2015 года я ўзгадаваў 2010, калі мне было сямнаццаць, я за ўсім гэтым назіраў, працягвалася фармавання маё „экстрэмісцкай” асобы. Мы ў 2020 яе нарэшце запісалі. Яна была ў нейкіх канцэртных выкананнях, быў нават радыйны эфір на радыё „Сталіца”, калі мы яе спявалі. Ёсць радкі „Верыць у лёс Беларусі шчаслівы”. Максімальна „экстрэмісцкія” радкі, як мы цяпер бачым. Кліп мы здымалі на самым пачатку верасня 2020 года, калі былі вельмі гарачыя гісторыі з пратэстамі 9-10 жніўня. Гэта было на маіх вачах, бо я працаваў там, як журналіст на пратэстах. Я фіксаваў на фота і відэа ўсё, што адбывалася. Пасля вырашыў гэтыя кадры выкарыстаць для гэтага кліпа. Там мой герой ідзе па вуліцах Маладэчна і там накладваюцца ў гэтых самых лакацыях кадры з пратэстаў. Пасля герой з’язджае на машыне, сустракае сябе самога, толькі ўжо з бела-чырвона-белым сцягам. Адбываецца дыялог пра тое ці верыш ты ў лёс Беларусі шчаслівай ці не верыш. У выніку яны сядаюць у машыну і з’язджаюць. Вось такі сюжэт кліпа. Гэта вельмі такая насамрэч дзіцячая праца, наша першая спроба відэа. Прытым кліп быў зняты і змантаваны літаральна за 24 гадзіны. Мы вырашылі зладзіць такі марафон умоўна кажучы, хацелася проста паспрабаваць. Ён нармальна зайшоў, было шмат каментаў на Ютубе, медыі яго забралі сабе. У Інстаграме ў аднаго з беларускіх выданняў ён набраў пад 90 тысяч праглядаў. Канешне гэты было прыемна. Калі я ўжо з’ехаў з Беларусі, то людзі, з якімі я знаёміўся ўжо па-за Беларуссю, ва Украіне ў Кіеве, дзе я жыў трохі больш за месяц, тут у Польшчы, людзі пазнавалі мяне дзякуючы гэтаму кліпу. Яны яго бачылі, вельмі шмат каму сама песня ўпісалася ў настрой тады.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя