Батумі: гульня-квіз „Беларусь як матулю люблю”
Амаль 30-ць чалавек прыняло ўдзел у інтэлектуальнай гульні „Беларусь як матулю люблю”.
Гульня-квіз ладзілася ўпершыню ў 2023 годзе ў беларускім каворкінгу „LinX” і складалася з амаль 50-ці пытанняў, якія былі прысвечаны беларускай музыцы, літаратуры і культуры:
– Спадабалася. Пытанні занадта цяжкія былі для мяне. Асабліва па літаратуры і культуры. Лягчэй было песні, словы.
– Мне спадабалася арганізацыя гэтага мерапрыемства. Тое, як былі падабраныя пытанні, увогуле атмасфера. Файна было тут знаходзіцца, тут весела, прыемныя людзі. Адчувалася нейкая канкурэнцыя сярод каманд. Вельмі складана прыдумаць, што не спадабалася. Улічваючы тое, што гэта было ў першы раз, то гэта на вельмі крутым узроўні.
– Мерапрыемства цудоўнае. У першую чаргу файна правялі час. Мы даведаліся пра штосьці новае, мы пазнаёміліся з новымі людзьмі, з якімі мы маем супольныя цікавасці, а менавіта цікавасць да беларускай мовы і культуры.
Удзельнікі гульні атрымалі падарункі ад першай у Грузіі афлайн крамы беларускай сімволікі, а пераможцы – таксама шампанскае і цукеркі ад арганізатараў гульні. Наступны квіз у Батумі будзе прысвечаны 105 угодкам БНР і адбудзецца 24 сакавіка а 20-й гадзіне ў прасторы „аКсяродак”.
Беларускае Радыё Рацыя