„1939 год і Беларусь: забытая вайна” ў Беластоку



Падзеі пачатку Другой сусветнай вайны ў Беларусі дагэтуль выклікаюць спрэчкі. У сваёй кнізе „1939 год і Беларусь: забытая вайна” сучасны даследчык, кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык даводзіць, што вайна ў Беларусі пачалася менавіта ў 1939 годзе, а не два гады пазней, калі фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Расказвае аўтар:

– Калі папытаць у нашага чалавека, калі наш народ пачаў удзельнічаць у Другой сусветнай вайне, то атрымаем стандартны адказ: з чэрвеня 1941 года. Разам з тым, трагічную, драматычную гісторыю ўдзелу нашых землякоў у крывавых падзеях верасня 1939 года таксама забываць нельга. Інакш мы проста перакрэсліваем памяць, мы зневажаем нашых дзядоў і прадзедаў.

Кніга Анатоля Трафімчыка „1939 год і Беларусь: забытая вайна” выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч”. Яе прэзентацыя распачнецца а 17-ай гадзіне ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Там жа будзе прэзентаваны і зборнік эсэістыкі Юрыя Гуменюка “Краіна няздзейсненых мараў”, які выйшаў у выдавецтве “Галіяфы” ўжо пасля смерці аўтара.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя