Беларусы Аджарыі далучаюцца да святкавання 105-ых угодкаў БНР



У грузінскім Батумі беларусы адзначаць 105-ыя ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі цэлым шэрагам мерапрыемстваў: гэта будзе і сімвалічны забег беларусаў са сцягамі, урачысты марш да плошчы Еўропы, які скончыцца мітынгам, а напрыканцы дня – дваровая вечарына ў “аКсяродку”.

Пра тое, чаму варта адзначаць гэты дзень, кажа кіраўнік арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў:

25 сакавіка – вялікі дзень, 105 гадоў таму бацькі беларускай дзяржаўнасці, нашы папярэднікі не толькі абвясцілі, што беларусы – гэта асобная нацыя, абралі шлях гэтага народу, зрабілі, можна сказаць, геапалітычны выбар. Яны абвясцілі, хто з’яўляецца галоўным супернікам, ад каго мы маем быць незалежнымі і які далейшы наш шлях. Гэта не змагло ўжо згубіцца ў гісторыі, пакінула свой след. Дзякуючы гэтаму мы зараз незалежныя.

Аляксей Балашоў упэўнены, што Беларусь можа страціць сваю незалежнасць:

 – Незалежнасць гэту можам, на жаль, страціць, таму адзначаць гэты дзень, памятаць гэты дзень, памятаць, хто быў ворагам тады і хто цяпер, а вораг і тады, і цяпер – адзін. Гэты вораг вядзе крывавую вайну і можа развязаць вайну сусветную. Хоча знішчыць нашую незалежнасць. І мы па ўсім свеце павінны сведчыць, што мы гэтаму адбыцца не дадзім, што мы ёсць, выбар наш зроблены, што беларусы – еўрапейскі народ, еўрапейская нацыя і будзе жыць вольна ў Еўропе.

Распачнецца святкаванне Дня Волі ў Батумі яшчэ 24 сакавіка ў прасторы «аКсяродак», дзе ўвечары а 20-й гадзіне пройдзе квіз-віктарына «А што ты ведаешь пра БНР?».

Беларускае Радыё Рацыя