На памежжы знойдзена цела яшчэ аднаго мігранта



Чарговае цела мігранта было знойдзена 21-га сакавіка ўвечары непадалёк ад польска-беларускай мяжы, у гміне Нараўка.

Гэта ўжо 39 пацверджаная ахвяра працяглага гуманітарнага крызісу на польска-беларускім памежжы.

„Пракуратура пачала працэсуальныя і ідэнтыфікацыйныя працы ў сувязі са знойдзеным целам каля мясцовасці Замошэ”, – паведамляе падляшская паліцыя.

Пра знойдзенае цела паведамілі ў паліцыю валанцёры. Праўдападобна нябожчык з’яўляецца грамадзянінам Афганістана, які згубіўся.

Раней, 12-га сакавіка, актывісты знайшлі ў балоце цела 23-гадовага грамадзяніна Афганістану.

Паводле дадзеных польскай памежнай аховы, кожны дзень з тэрыторыі Беларусі на польскі бок спрабуюць пераправіцца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў эмігрантаў.