У Беластоку праходзіць І Падляшская археалагічная канферэнцыя
З 23-га па 24-га сакавіка ў беластоцкай ратушы праходзіць Першая Падляшская археалагічная канферэнцыя, на якой сабраліся навукоўцы і аматары археалогіі з усёй Польшчы, а таксама ўдзельнікі, што паходзяць з Беларусі.
Пра важнасць навуковага сходу кажуць беларускія археолагі – ад’юнкт Варшаўскага ўніверсітэта Мікалай Плавінскі і дактарант таго ж ВНУ Віталь Сідаровіч:
-Вельмі добрая ідэя з боку музея. Варта рабіць такія рэгіянальныя канферэнцыі, каб падымаць археалогію Падляшша і суседніх рэгіёнаў на больш высокі ўзровень. Навука развіваецца толькі падчас такіх мерапрыемстваў, калі можна падзяліцца інфармацыяй. Вельмі добрая і слушная ідэя. І для нас, для беларусаў, якія тут, Падляшша – гэта самы блізкі да нас рэгіён.
-Праходзіць першы раз. Наколькі разумею, калегі вырашылі нейкім чынам запоўніць прабел, у тым сэнсе, што ў Польшчы велізарная колькасць розных рэгіянальных археалагічных канферэнцый. У Падляшшы такога яшчэ не было.
Галоўная мэта Першай Падляшскай археалагічнай канферэнцыі – абмеркаванне апошніх адкрыццяў у Падляшскім ваяводстве, а таксама абмен вопытам паміж спецыялістамі ў розных галінах і краінах. Па выніках працы канферэнцыі плануецца выданне спецыялізаванага навуковага зборніка дакладаў на польскай мове.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя