Гарадзенскія студэнты могуць атрымаць стыпендыю ў польскім універсітэце



У Гарадзенскім універсітэце прайшла прэзентацыя аб’яднання GFPS-Polska, якое прапаноўвае стыпендыі на 5-месячны побыт у любым універсітэце Польшчы, а таксама ўдзел у іншых праектах аб’яднання.

IMG_3800

Што такое GFPS?

GFPS – гэта навукова-культурніцкае аб’яднанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Яно было створана ў 1984-м годзе немцам Георгам Цыглерам, каб разбураць у маладых людзей стэрэатыпы, якія ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны. У 94-м годзе да аб’яднання далучылася Польшча, а ў 99-м – Чэхія. Беларускія студэнты пачалі ўдзельнічаць у праекце ў 2013-м годзе.

Мэты аб’яднання застаюцца ранейшымі – разбурэнне стэрэатыпаў пра краіны і людзей і культурны абмен. У GFPS паважаюць усе нацыі і мовы. Тут наўмысна не гавораць па-ангельску, каб кожны мог размаўляць на сваёй мове. Калі неабходна, заўсёды знойдзецца перакладчык, які дапаможа.

Як атрымаць стыпендыю?

Стыпендыю даюць на адзін семестр. Падаваць заяўку на ўдзел можна некалькі разоў. Калі малады чалавек прайшоў адбор, ён становіцца паўнавартасным студэнтам польскага ўніверсітэта, атрымоўвае студэнцкі квіток, які дае пэўныя зніжкі, можа ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта і студэнцкім самакіраванні. У кожным горадзе ёсць Лакальныя групы студэнтаў, якія дапамогуць навічку адаптавацца.

Набор праводзіцца два разы на год. Студэнт павінен падрыхтаваць ідэю праекта і матывацыйны ліст. Праект можа быць на любую тэму. Калі ён зацікавіў арганізатараў, праз два-тры тыдні студэнт павінен прайсці сумоўе на польскай мове. Прэзентацыя праектаў адбываецца ў канцы семестра. Адбор студэнтаў на летні семестр ужо завяршаецца.

GFPS таксама прапаноўвае шэраг праектаў, у якіх могуць удзельнічаць не толькі чальцы аб’яднання. Сярод іх – моўныя курсы, воркшопы, форумы. Хутка пачнецца набор заявак на Dni miast Tri-GO! у Мюнхене, у адборы на які могуць паўдзельнічаць усе жадаючыя.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя