Каля Сейма Літвы зранку 25-га сакавіка ўзнялі бела-чырвона-белы сцяг



Паглядзець на гэта сабраліся мясцовыя беларусы.

А палітык і дарадца дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька нагадаў пра тысячы сяброў, якія зараз за кратамі:

– Мікола Статкевіч, Мікола Казлоў і тысячы людзей, мы іх памятаем. Прыйдзе той час, памятаеце, як мы з вамі адзначалі 100 гадоў БНР. Якое гэта было свята, калі 40 тысяч чалавек сабралася ў цэнтры Менску, прыйшлі з сем’ямі. Гэта было сапраўднае свята, свята на якое людзі прыходзяць, бо іх кліча сэрца. Са святам усіх! Жыве Беларусь!

Што азначае для мясцовых беларусаў узняцце бел-чырвона-белага сцяга каля будынку Сейма Літвы? Думкамі падзяліўся намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

Вельмі ўрачыстая падзея для кожнага беларуса, асабліва для беларусаў, якія вымушаныя часова знаходзіцца ў Вільні. Сёння, нягледзячы на ранні час, людзі прыйшлі сюды, бо для іх Дзень Волі – гэта сапраўднае свята. Тое, што ў душы, што ў сэрцы, што не адняць. Гэта безумоўна прага да Бацькаўшчыны, да вяртання, да набліжэння таго дня, калі ўсе мы зможам вярнуцца дахаты.

У Вільні на Дзень Волі запланаваны шэраг урачыстасцяў: Наведванне могілак братоў Антона і Івана Луцкевічаў і капліцы на могілках Расу, дзе пахаваны беларускія паўстанцы 1863-1864 гг. „Сплаў Незалежнасці” на байдарках, Аўтапрабег з бела-чырвона-белымі сцягамі, Мітынг на Лукішскай плошчы. А напрыканцы Дня Волі — Запальванне лампадак каля беларускай амбасады, хвіліна памяці загінулым у змаганні за Вольную Беларусь, мітынг-канцэрт і сумеснае спяванне гімна „Пагоня”.

Беларускае Радыё Рацыя