Святкаванне Дня Волі ў Беластоку



Пасля ўскладання кветак каля Следчага ізалятару беларусы пачынаюць збірацца ў самым цэнтры Беластоку на Рынку Касцюшкі каля помніка Пілсудскаму на святочную акцыю з нагоды 105-ай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатары ладзяць імправізаваную трыбуну.

Мітынг пачаўся. Выступае старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.

Васіль Калач зачытаў Трэцюю ўстаўную грамату БНР.

Выступае старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак. Ён распавядае пра Кастуся Каліноўскага і яго значэнне для Беларусі. Гучыць вокліч Жыве Беларусь!

На акцыю сабралася каля 500 чалавек.

Беларусы разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг даўжынёй 30 метраў!

Гучыць прамова пра важнасць захавання вольнай Беларусі. Усе чакаюць новы Дзень Волі – дзень вызвалення ўсіх палітвязняў.

Выступіў „Шляхціч”, прадстаўнік Паспалітага Рушэння. Гучыць заклік далучацца да новага беларускага войска.

Ля мікрафона Сяргей Верамеенка, які нагадаў, што Дзень Волі сустракаюць нават у камерах Беларусі, гучыць заклік збораў усяго неабходнага для падтрымкі беларускага руху.

Хвілінай маўчання былі ўшанаваныя беларусы і украінцы, якія загінулі за вызваленне Украіны.

Завяршальным словам гучыць заклік прыйсці на ўрачысты канцэрт.

Завяршыўся мітынг спяваннем гімну „Пагоня”.

Усе рушылі ў бок вуліцы Цёплай, 40, дзе адбудзецца ўрачысты канцэрт з нагоды 105-х угодкаў БНР.

* * *

Для ўрачыстага ўскладання кветак перад Следчым ізалятарам у Беластоку прыбылі першыя госці. Памятнае месца для беларусаў тут – будынак па вуліцы Каперніка, дзе саветамі ў 1939 быў закатаваны Макар Краўцоў, аўтар гімну Беларускай Народнай Рэспублікі „Ваяцкі марш”.

Прафесар Алег Латышонак адзначыў важнасць чарговых угодкаў галоўнага свята беларусаў.

Кветкі ўскладалі: старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак, прадстаўніца Беларускай дыяспары Беластока Наталля Сцепанцова і супрацоўнік Падляшскага музея ў Беластоку Анатоль Вап.

Беларускае Радыё Рацыя