Дзень Волі ва Уроцлаве
25 сакавіка каля тысячы беларусаў, палякі, і ўкраінцы, якія да іх далучыліся, сабраліся на Плошчы Вольнасці, і прайшліся маршам да рынкавай плошчы ў цэнтры горада.
Падчас шэсця актыўна гучалі лозунгі «Не вайне!», «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне»!
Чаму так важна адзначаць Дзень Волі за мяжой кажа адна з арганізатарак, спадарыня Наталля:
– Вялікая колькасць беларусаў апынулася па-за межамі краіны. І гэта адзінае такое свята, калі мы можам адчуваць еднасць, можам адчуваць, што мы не адны. Можам адчуваць, што наша агульная мэта нікуды не дзелася, яна засталася, яна разам з намі, і мы будзем крочыць і дабівацца, каб яна ўсё ж такі адбылася. І мы яшчэ разам са сваімі дзецьмі, са сваімі сябрамі, з усімі, хто разумее, што Беларусь павінна быць вольнай, свабоднай краінай, адсвяткавалі б яе ўжо ў сябе, у Беларусі.
Па словах Наталлі, не варта губляць надзею на лепшае нават у такія змрочныя часы, як цяпер
– Кожны чалавек робіць свае крокі, тое, што ад яго залежыць, тое, што ён у сілах зараз зрабіць, каб як мага хутчэй наблізіцца да сваёй Радзімы, каб мага хутчэй пачуць тыя словы “Жыве Беларусь!” Пачуць ужо ў Беларусі, прыехаць да сваіх бацькоў, да сваіх сяброў, проста прайсціся па тых вуліцах, дзе мы нарадзіліся, столькі часу правялі. Таму заўсёды не губляем надзеі і крочым далей. Наша справа зараз не прыпыняецца.
Пасля шэсця беларусы прынялі ўдзел у вечары паэзіі Уладзіміра Някляева, а 20.00 пачаўся святочны канцэрт з удзелам беларускага вольнага аркестра і гурта Naviband.
Беларускае Радыё Рацыя