Дзень Волі ў Батумі: з барабанамі, сабакамі і пад дажджом
У грузінскім Батумі больш за сотню актывістаў прыняло ўдзел у маршы да Дня Волі. Марш быў гучнай падзеяй для мясцовых жыхароў, бо музыкі-барабаншчыкі з Менску давалі святочны настрой граннем на сваіх інструментах.
Пасля адбыўся святочны мітынг, дзе апроч прадстаўнікоў «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» гучалі віншаванні ад палітыкаў Зянона Пазняка, Святланы Ціханоўскай, Івонкі Сурвілы і ваяроў Палка Каліноўскага.
Пра акцыю і значэнне для іх Дня Волі распавядаюць мясцовыя беларусы:
– 25 сакавіка – гэта адзін з тых дзён, якія часта ў Менску я ўспрымаў як магчымасць сустрэцца з рознымі людзьмі, якія падзяляюць са мной мае інтарэсы, погляды. Таксама для мяне гэта такі ж дзень як Дзень чарнобыльскага шляху. Гэта, пэўна, галоўныя такія дні, калі мы можам сабрацца і зразумець, якім шляхам мы ішлі як грамадства і якім шляхам будзем ісці.
– 25 сакавіка. Дзень Волі, – гэта вялікае свята для ўсіх беларусаў як у Беларусі, так і ў замежжы. У Беларусі яго святкаваць немагчыма, але прадстаўнікі дыяспар бяруць на сябе гэтую справу і святкуюць, паказваюць, што беларусы ўсяго свету стаяць за свабоду і супраць вайны.
Скончылася святкаванне Дня Волі ў грузінскім Батумі дваравой імпрэзай у беларускай прасторы “аКсяродак”.
Беларускае Радыё Рацыя