На „Белазе” расказалі пра рэакцыю на санкцыі
Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла ў санкцыйныя спісы „Беларускі аўтамабільны завод”, „Менскі аўтамабільны завод”, а таксама дзевяць грамадзян Беларусі, сем з якіх – чальцы Цэнтральнай выбарчай камісіі. У спісе асоб, на якія накладзены рэстрыкцыі – і гендырэктары МАЗа і БелАЗа.
Пра першую рэакцыю жодзінцаў на гэтую навіну ex-press.by напісаў чытач: „была прафсаюзная канферэнцыя БелАЗа. Там ўсе і даведаліся пра санкцыі ў дачыненні да БелАЗа і гендырэктара Сяргея Нікіфаровіча. Даведаліся ад старшыні выканкама – Дзмітрыя Заблоцкага. Ён выступаў і сказаў, што мы зараз павінны ўсё згуртавацца вакол нашага кіраўніцтва. А санкцыі супраць нас – гэта таму, што нас увесь свет баіцца”, – паведаміў жодзінец.
Нагадаем, 21 чэрвеня 2021 года Еўрапейскі Звяз увёў сектаральныя санкцыі супраць Беларусі. Пад іх патрапіў і БелАЗ. ЕЗ абазначыў жодзінскі аўтагігант, як крыніцу значных даходаў для рэжыму, да таго ж адказную за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.