Дзмітрый Галко: Я працягваю жыць у гэтай сітуацыі траўмы
Госць Радыё Рацыя — вядомы беларускі журналіст Дзмітрый Галко.
З 2018 году ён жыве ва Украіне як палітычны эмігрант, працуе ў Цэнтры стратэгічнай каммунікацыі і інфармацыйнай бяспекі. Ад пачатку вайны ён стаў валанцёрам і праехаў усю Украіну. Быў з дапамогай вайскоўцам на фронце, і на дэакупаваных тэрыторыях у Бучы і Гастомелі. Пра ўражанні ад валанцёрства і жыццё ў стане пастаяннай працы з ім пагутарыла Алеся Вербаловіч.
РР: Ужо больш за год ідзе поўнамаштабная вайна. Як вы яе сустрэлі?
Дзмітрый Галко: Я з першых секундаў яе сустрэў. Я працаваў. У нас Цэнтр стратэгічных камунікацый. Дзеля бяспекі ён ужо працаваў у ваенным рэжыме. 24 лютага я як раз дзяжурыў і збіраў інфармацыю. Адпаведна глядзеў гэты зварот Пуціна, пасля якога паляцелі ракеты. Яны ўдарылі вельмі блізка ад будынку, дзе я жыў, гэта поруч з аэрапортам Жуляны. Там вайсковыя склады поруч, чыгунка, аэрапорт – усё разам. Літаральна ў наш двор адна ракета заляцела, але я разумею, што яна не выбухнула. Гэта можа нас уратавала. Я адмовіўся эвакуявацца. Амаль увесь наш цэнтр эвакуяваўся ў Львоў. Я палічыў для сябе гэта немагчымым, бо ў мяне прыёмны сын далучыўся як добраахвотнік да Палка Каліноўскага. Сябры заставаліся ў Кіеве. Былі і розныя іншыя прычыны. Таму я палічыў для сябе немагчымай эвакуацыю. Я сказаў, што я застаюся. І ўласна з першых тыдняў я пачаў ездзіць на фронт і валанцёрыць. У адну з першых чыста журналісцкіх паездак па Кіеўшчыне мы сустрэлі людзей, якія ехалі эвакуяваць заапарк. Там розныя жывёлы, у тым ліку экзатычныя. Мы проста да іх далучыліся і дапамаглі з гэтай эвакуацыяй. Пачалі вазіць на блокпасты хлопцам ежу і тое, што ім там было патрэбна. І вось пайшло і пайшло. І практычна ўвесь мінулы год я займаўся валанцёрствам. Спачатку гэта дэакупаваная тэрыторыя – Кіеўшчына, Чарнігаўшчына, потым Харкаўшчына, ну і затым амаль уся Украіна.
РР: Вы кажаце пра дэакупаваныя тэрыторыі. Буча, Ірпень, Гастомель – вы на свае вочы ўсё гэта бачылі?
Дзмітрый Галко: Так. Прычым у Ірпені адбылося выпадкова, мы заблукалі, заехалі туды праз лес, калі Ірпень яшчэ не быў дэакупаваны цалкам. Там толькі пачалася зачыстка сіламі спецыяльных аперацый. Літаральна толькі пачыналася. І мы туды лясной дарогай патрапілі, проста сутыкнуліся з гэтымі хлопцамі з ССА. І бачылі на свае ўласныя вочы гэтую зямлю, заваленую трупамі.
РР: Увесь свет пабачыў гэтыя кадры, дзякуючы працы журналістаў у тым ліку. Як жывецца пасля такога, калі пабачыш на ўласныя вочы?
Дзмітрый Галко: Я думаю, што пра гэта яшчэ рана казаць, бо ўсё гэта не скончылася. Хоць мы зараз пра гэта гаворым рэтраспектыўна, нібыта гэта ўжо нейкія мемуары. Гэта насамрэч яшчэ не мемуары. Вайна ідзе. Гэты момант траўмы яшчэ не скончыўся. Мы яшчэ жывем ў гэтай сітуацыі траўмы.
Цалкам размова:
Як зазначае Дзмітрый Галко, элементарная дапамога Украіне – тое, што можа зрабіць кожны — гэта не звыкацца з вайной, не маўчаць пра яе, сачыць за навінамі і казаць пра тое, што адбываецца ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя