Больш за 1000 фур стаяць у чарзе на памежным пераходзе ў Казловічах
Больш за 1000 фур стаяць у чарзе на беларуска-польскім памежным пераходзе ў Казловічах. На мяжы зь Літвой у Каменным Лозе сабраліся 370 грузавікоў, у Беняконях – 290. На Варшаўскім мосце ў Берасці чакаюць больш за 300 легкавікоў і 30 аўтобусаў, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.
Паводле беларускага ведамства, польскі і літоўскі бакі афармляюць значна менш машын, чым належыць паводле нормы.
Адносіны паміж Польшчай і Беларуссю абвастрыліся пасля 8 лютага, калі асудзілі журналіста і дзеяча польскай меншасці Анджэя Пачобута. Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» і абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход Кукурыкі — Казловічы.