Украіна адклікае свайго пасла з Менска



Украіна адклікае свайго пасла Міхаіла Ежэля з Менска. Пра гэта сёння заявіў прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Паведамляе Марцін Война:

– Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль быў прызначаны Віктарам Януковічам у красавіку 2013 года. Да таго часу ён займаў пасаду міністра абароны Украіны. Большую частку сваёй вайсковай кар’еры Міхаіл Ежэль праслужыў на караблях Ціхаакіянскага флоту. Спачатку савецкага, а пасля – расейскага.

Яшчэ летась Генеральная пракуратура Украіны афіцйыйна абвінаваціла яго ў раскраданні вайсковай маёмасці, а таксама – знішчэнні тылавога забеспячэння Украінскага войска. Усяго супраць Міхаіла Ежэля было распачата больш за 50 крымінальных спраў. Але ягоны дыпламатычны імунітэт не дазваляў рабіць далейшыя юрыдычныя захады. У Міністэрстве замежных спраў Украіны толькі ў канцы мінулага месяца абвесцілі, што падалі афіцыйную прапанову пра адстаўку пасла.  

Мяркуецца, што імя новага ўкраінскага пасла ў Беларусі будзе названае да канца красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Україна

Фота inagist.com