Урад увёў ліцэнзаванне вывазу збожжа з Беларусі на паўгода
Беларусь уводзіць часовае ліцэнзаванне вывазу за межы краіны пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, кукурузы, грэчкі, проса, трыцікале, іншай збажыны. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 24 сакавіка 2023 году № 207, якая афіцыйна апублікавана 28 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.
У пераліку тавараў, у адносінах якіх будзе дзейнічаць часовае ліцэнзаванне вывазу, таксама збожжа дробненае, апрацаванае пшаніцы, жыта, іншых зёлкавых, насенне рапсу, сланечніка.
Як указана ў пастанове, вываз названых тавараў за межы Беларусі ажыццяўляецца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з аблвыканкамамі, Менскім гарвыканкамам. Разавыя ліцэнзіі выдаюцца ў парадку, аналагічным устаноўленаму правіламі выдачы ліцэнзій і дазволаў на экспарт і (або) імпарт тавараў, прадугледжанымі дадаткам да пратаколу аб мерах нетарыфнага рэгулявання адносна трэціх краін.
Беларускае Радыё Рацыя