Вадзім Мажэйка: Пагрозаў для незалежнасці Беларусі – няма



Расея па просьбе Лукашэнкі размесціць у Беларусі ядзерную зброю. Пра гэта Пуцін заявіў у этэры расейскім СМІ яшчэ 25 сакавіка 2023 года.

Ці страціць Беларусь незалежнасць пасля гэтай заявы, разважае аналітык „Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў” Вадзім Мажэйка:

У часы яшчэ да таго, як ядзерную зброю вывезлі з Беларусі, яна была ў Беларусі. І акурат з пункту гледжання магчымай агрэсіі супраць Беларусі, дык акурат ядзерная зброя, гэта тая зброя, якую Расея не будзе ўжываць. Але, канешне, гэта ўпісвае Беларусь у блокавы статус. Гэта моцна падвышае і вайсковыя рызыкі, бо, відавочна, такія аб’екты будуць мэтамі патэнцыйных удараў.

Вадзім Мажэйка таксама пракаментаваў заяву беларускага МЗС:

Там ёсць юрыдычныя агаворкі, бо сапраўды, калі б гэтая зброя была перададзеная пад кантроль Беларусі, то гэта лічылася б распаўсюдам. А паколькі яна застаецца пад кантролем Расеі, то гэта не лічыцца яе распаўсюдам. Тое ж самае як размяшчэнне амерыканскай ядзернай зброі ў іншых краінах таксама не лічыцца ейным распаўсюдам. То бок тут юрыдычнае кручкатворства сапраўды ёсць, таму фармальна сапраўды гэта нібыта і не парушэнне.

На думку аналітыка Вадзіма Мажэйкі, асноўную пагрозу для Беларусі будзе ўяўляць сам вайсковы аб’ект, які будзе вайсковым аб’ектам Расеі на тэрыторыі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя