Латвійская чыгунка забараніла перавозіць грузы ў вагонах БЧ
Латвійскае дзяржаўнае акцыянернае таварыства Latvijas dzelzceļš («Латвійская чыгунка») увяло забарону на перавозку ўсіх грузаў у вагонах інвентарнага парку Беларускай чыгункі, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Забарона на перавозку грузаў была ўстаноўленая яшчэ 23 сакавіка, але вядома пра гэта стала толькі сёння, 28 сакавіка. Забарона будзе тычыцца і іншых перавозчыкаў, якія арандуюць вагоны ў Беларускай чыгункі.
Супольнасць чыгуначнікаў піша, што гэтая забарона не закране вагонаў «іншых уласнікаў», што дазваляе, напрыклад, ААТ «Белкалій» працягваць перавозкі праз Латвію ў сваіх уласных вагонах.
У той жа час гэта выключае перавозку з Беларусі нафтапрадуктаў, бо цыстэрны для гэтага ёсць толькі ў БЧ.