Зборная Беларусі прайграла Румыніі ў кваліфікацыі Еўра-2024



Нацыянальная зборная Беларусі па футболе правяла другі паядынак у рамках адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года.

На Нацыянальным стадыёне Бухарэста беларусы сустракаліся са зборнай Румыніі. Як і ў папярэднім матчы супраць Швейцарыі, праблемы для падначаленых Георгія Кандрацьева пачаліся даволі хутка. Ужо на 17-й хвіліне гульні Мікалаэ Станчу вывеў сваю каманду наперад, а літаральна ў наступным нападзе Андрэй Буркэ падвоіў перавагу гаспадароў. Лік 2:0 пратрымаўся на табло больш за гадзіну гульнявога часу, і толькі незадоўга да заканчэння другога тайма нападнік мінскага „Дынама” Уладзіслаў Марозаў скараціў адставанне беларусаў да мінімуму. Астатніх на выратаванне хвілін гасцям, на жаль, не хапіла – у выніку 1:2, зборная Беларусі церпіць у адборы другую паразу запар. Румынія, наадварот, стартуе ў групе I з дзвюх вікторый у дзвюх гульнях. Наступныя матчы ў кваліфікацыі Еўра-2024 падначаленыя Кандрацьева правядуць летам: супернікамі нашай каманды стануць футбалісты Ізраіля, якія напярэдадні былі разгромлены швейцарцамі 3:0, і Косава, якія згулялі ўнічыю з Андроррай 1:1.

Зборная Іспаніі саступіла ў кваліфікацыі EURO упершыню з 2014 года

Зборная Шатландыі на хатняй арэне сенсацыйна перамагла каманду Іспаніі ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024 – 2:0.

Іспанцы саступілі ў адборы EURO упершыню з 2014 года: раней у каманды было 17 перамог і два нічыйныя вынікі.

Харваты адолелі турак 2:0, валійцы нанеслі паразу камандзе Латвіі
1:0.

Беларуская „маладзёжка” згуляла ўнічыю з грэкамі

Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі правялі другі матч у адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2025 года.

Падначаленыя Сяргея Ясінскага ў Афінах сустракаліся з аднагодкамі з Грэцыі. Пачатак паядынку склаўся для беларускай „маладзёжкі” не лепшым чынам, беларусы прапусцілі мяч ужо на 11-й хвіліне – 0:1. Зраўняць лічбы беларусам удалося на старце другога тайма, калі мяч у грэчаскую браму адправіў Максім Касараб. Беларусы гуляюць унічыю другі раз запар. У дэбютным матчы адбору, які прайшоў 24 сакавіка, беларусы распісалі мір з Андорай 0:0.

Наступны паядынак маладзёжная зборная Беларусі правядзе толькі ў чэрвені: супернікамі зноў стануць футбалісты з Андоры. Таксама ў нашай кваліфікацыйнай групе G выступяць каманды Партугаліі, Харватыі і Фарэрскіх выспаў.

Хакеісты „Металурга” зраўнялі лік у паўфінальнай серыі супраць „Шахцёра”

У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. Другі матч паўфіналу правялі пераможца рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёр” і дзейны чэмпіён краіны „Металург”. У першай сустрэчы каманд мацнейшымі былі „гарнякі”. Пачатак другой гульні таксама застаўся за гаспадарамі лёду: на 14-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Арцём Дзямкоў. Праўда, на першы перапынак супернікі пайшлі ўжо пры роўных лічбах на табло, парытэт у матчы аднавіў форвард „ваўкоў” Яраслаў Сергіеўскі. У наступным перыядзе жлабінчане і зусім выйшлі наперад намаганнямі Аляксея Маструкова, а ў заключным перыядзе дзякуючы дакладнаму кідку Вадзіма Мароза павялічылі адрыў да дзвюх шайб. Неўзабаве абаронца „Шахцёра” Юры Мажуга адквітаў адзін гол, але на большае намаганняў салігарчан не хапіла. У выніку 3:2 на карысць „Металурга”, які зраўняў лік у супрацьстаянні – 1:1.

Прэм’ер-міністр Польшчы назваў рашэнне МАК вярнуць расейскіх спартоўцаў здрадай сапраўднага духу спорту

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў Твітэры раскрытыкаваў рэкамендацыі МАК па допуску расейскіх спартоўцаў.

Рашэнне МАК вярнуць расейскіх спартоўцаў на спаборніцтвы – гэта скандал і здрада сапраўднага духу спорту.

Рэкамендаваў міністру спорта Камілю Бартнічуку перадаць наша цвёрдае пярэчанне кіраўніцтву МАК.

Мы зробім усё магчымае, каб захаваць спорт свабодным ад расейскага ўплыву, – адзначыў Маравецкі.

Беларускае Радыё Рацыя