Павел Мацукевіч: Пуцін ідзе супраць дамоваў з Кітаем



Заява Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі з’явілася пасля візіта кіраўніка Кітая ў Расею. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, у былым дыпламат, Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч не бачыць у гэтым канспіралагічнай тэорыі змовы:

Пуцін і Сі Цзіньпін па выніках візіту выступілі з заяваю, у якой, сярод іншага, сказана, што ядзерныя краіны не павінны размяшчаць сваю ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый. З гэтага вынікае, што Пуцін сваёй заявай парушае дамову з Кітаем. Але цалкам мяркую, што маглі быць публічныя дамовы, якія былі падпісаныя, але маглі быць і непублічныя.

Былы дыпламат Павел Мацукевіч мяркуе, што тактычная ядзерная зброя ўжо можа быць ў Беларусі:

– Тое, што для нас з’яўляецца навіною пасля заявы Пуціна, можа быць уже адбыўшымся фактам, або тым, што цяпер знаходзіцца ў працэсе рэалізацыі, а Пуцін проста якімсьці чынам публічна ўводзіць у зман. Тэарэтычна зброя ўжо можа быць на тэрыторыі Беларусі. Маю на ўвазе тактычную зброю. Або можа ў працэсе перадачы. А нам падаецца, што ўсё нібыта адбудзецца летам. Акрамя таго відавочна, што бакі да гэтага рыхтаваліся, калі браць Беларусь і Расеі на працягу апошніх гадоў.

Эксперт упэўнены, што Лукашэнка дамовіўся з Пуцінам пра тактычную ядзерную зброю як дамову пра забеспячэнне асабістай бяспекі.

Беларускае Радыё Рацыя