Фёдар Крашанінікаў пра тое, чым жыве расейская апазіцыя ў выгнанні
Ва ўгодкі вайны ва Украіне ў цэнтры Вільні адбыўся антываенны мітынг, які правялі расейскія апазіцыянеры ў выгнанні. Сярод іншага, у сталіцы Літвы прагучалі заклікі „не аддаваць Расеі Пуціну, якога нельга атаесамляць з усёй краінай і аддаваць пад яго вобраз агрэсара ўсё тое добрае, што стваралася ў Расеі стагоддзямі”. А таксама было агучана, што „з цемрай на фоне вайны змагаюцца лепшыя людзі Расеі”.
Вольга Сямашка пагутарала з удзельнікам віленскай антываеннай акцыі, расейскім палітолагам і сябрам штаба Аляксея Навальнага Фёдарам Крашанінікавым пра тое, як прайшоў мітынг у Вільні, чым жыве расейская апазіцыя ў выгнанні па ўсім свеце і ці можа ў яе быць свая „Ціханоўская”, ці Расея без Пуціна будзе працягваць агрэсію на суседзяў, пра лёс ядзернай зброі ў Беларусі і дзе ж знаходзіцца ключ да вырашэння вайны ва Украіне.
РР: Раскажыце пра ваш удзел у антываеннай акцыі ў Вільні. Чаму гэта акцыя адбылася?
– Гэта была агульнасусветная акцыя расейскай апазіцыі ў выгнанні. У гэты дзень у многіх гарадах свету, дзе засяроджана расейская палітычная эміграцыя, людзі выходзілі на акцыю пратэсту. Такой жа мітынг быў у Вільні. Гэта насамрэч перадусім быў мітынг перадусім расейская апазіцыі, расейскіх эмігрантаў. Там былі беларусы, але яны прыйшлі ў госці, бо была ідэя паказаць пазіцыю менавіта расейскай эмігранцкай супольнасці, каб не чуць абвінавачванняў, што ніхто не пратэстуе. Бо на іншыя акцыі пратэсту, якія сумесныя, бо пэўны час таму было прынята дзіўнае рашэнне адмаўляцца ад расейскага сцяга, людзей з Расеі проста не бачна. Ідзе акцыя, калі людзі прыйшлі з беларускімі сцягамі, то ўсім падаецца, што гэта адны беларусы, калі з украінскімі, то значыць адны ўкраінцы. Таму было вырашана, хаця наконт таго самага сцяга асабіста і ў мяне няма адзінага меркавання пакуль. Гэта не сцяг новая Расеі, гэта сцяг антываеннага руху, але тым не менш гэта была спроба сабраць менавіта расейскую палітычную эміграцыю Вільні, тое ж самае было ў іншых гарадах. А так звычайна канешне мітынгі супольныя, усе адзін да аднаго ходзяць, няма праблем.
Беларускае Радыё Рацыя