У Батумі выступіў гурт Pylai
30-га сакавіка ў грузінскім Батумі ў прасторы BackDoor на канцэрт гурта Pylai прыйшло некалькі дзясяткаў мясцовых беларусаў. Гурт вядомы адной са знакамітых песень пратэсту 2020 „Женщины не гуляют” і ўпершыню выступіў у грузінскім Батумі.
Мясцовыя батумскія беларусы дзеляцца ўражаннямі з канцэрту:
– Я ведаю гэты гурт яшчэ з Менску, з таго моманту, як яны выступалі на нашых дваравых канцэртах. Я іх чуў на мітынгах Ціханоўскай. Яны яшчэ тады падаліся мне даволі цікавымі. Вырашыў прыйсці іх і падтрымаць тут, у Батумі.
– Усё добра. Шкада, што было не так шмат людзей. Вінавата ў гэтым батумскае надвор’е, бо тут калі дождж, то ніхто нікуды не ідзе. Пажадана, каб было больш людзей. Вельмі цудоўны выступ, усё спадабалася, усё добра, дзякуй.
На думку музыкаў гурта Грыгорыя Лайкова і Уладзіміра Пыльчанкі, гэта быў адзін з найлепшых выступаў у Грузіі:
– Вялікі дзякуй Батумі, вялікі дзякуй бару BackDoor за тое, што запрасілі нас, за тое, што атрымаўся такі добры выступ. Вельмі светлыя людзі нам дапамаглі ў гэтым выступе. Мы цалкам задаволеныя тым, што атрымалі самую лепшую публіку, бо дайсці праз гэтае дрэннае надвор’е маглі толькі аматары і сапраўдныя прыхільнікі.
Пад час выступу прагучалі амаль два дзясятка песень гурта, а таксама каверы на песні Вольскага і Талькова, а „Женщины не гуляют” стала заключнай песняй.
Беларускае Радыё Рацыя