З бюджэту Падляшскага ваяводства выдаткаваны грошы сярод іншага і на беларускія праекты



З бюджэту Падляшскага ваяводства будзе дафінансавана больш за 50 розных праектаў, зьвязаных з нацыянальнымі і этнічнымі меншасцямі. У тым ліку беларускай.

Сярод ініцыятыў ёсць іканаграфічныя майстар-класы для дзяцей і моладзі, якія будзе праводзіць праваслаўны прыход Унебаўзяцце Найсвяцейшай Багародзіцы ў Дубінах ці лекцыі Фонду „Тутака”, прысвечаныя гісторыі беларускай меншасці „Хто ты гэткі?”.

Фонд „Тутака” атрымаў 113 тысяч злотых, але на арганізацыю некалькіх мерапрыемстваў. Сярод іх Фестываль абуджаных «Тутака» і 28-ы Фестываль беларускай спяванай паэзіі і аўтарскай песні «Бардаўская восень 2023».

Агулам бюджэт, выдзелены ўправай Падляшскага ваяводства на распаўсюджванне ведаў і гісторыі пра нацыянальныя і этнічныя меншасці Падляшша, падтрымку культурных ініцыятыў, а таксама падрыхтоўку навуковых і літаратурных выданняў на мовах меншасцей складае 840 тыс. злотых. Ён падтрымае больш за пяцьдзясят праектаў, станоўча ацэненых конкурснай камісіяй. Усяго на конкурс паступіла амаль 90 прапаноў.