Полацкі піўзавод прадаецца з аўкцыёну
На электроннай гандлёвай пляцоўцы «ІПМ-Таргі» размясцілі аб’яву аб продажы з аўкцыёну завода «Полацкія напоі і канцэнтраты», больш вядомага як Полацкі піўзавод.
Піўзавод з’яўляецца дзейным прадпрыемствам і прадаецца як маёмасны комплекс. Пачатковы кошт лота складае 3,2 мільёна рублёў, або 1,1 мільёна даляраў. Прадаўцом выступае адкрытае акцыянернае таварыства «Белсолад».
Таргі прызначаныя на 4 красавіка. Пакупнік павінен будзе пакрыць крэдыторскую запазычанасць прадпрыемства перад ААТ «Белсолад» у тэрмін, не пазнейшы за 36 месяцаў з даты заключэння дагавора куплі-продажу, шляхам штомесячнага пагашэння запазычанасці роўнымі долямі.
Таксама пакупнік абавязаны заключыць з ААТ «Белсолад» дамову куплі-продажу абсталявання, набытага таварыствам для гэтага прадпрыемства.
Летась Полацкі піўзавод адзначыў 50-годдзе. У асартыменце яго прадукцыі — піва, канцэнтрат кваснога сусла, соладавыя экстракты. У апошні час прадпрыемства актыўна развівала ўласную гандлёвую сетку.