Павялічацца кошты некаторых тыпаў віз для часовага ўезду ў ЗША



З 30 траўня павялічваецца кошт некаторых тыпаў віз для часовага ўезду ў ЗША. Заява пра гэта апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

З 30 траўня 2023 года працоўныя, турыстычныя, гасцявыя і некаторыя іншыя візы ў ЗША падаражэюць на 8-50%. Візы катэгорый B1/B2 (бізнэс і турызм), F1/F2 (студэнцкая), J (гасцявая віза па абмене) падаражэюць да 185 даляраў замест ранейшых 160. А менш за ўсё цана зменіцца на сезонныя працоўныя візы H, L, O, P, Q і R — 205 даляраў замест 190.

Беларусам атрымаць візу цяпер увогуле складана. Консульства ЗША ў Менску прыпыніла прыём дакументаў на ўсе тыпы віз з 22 лютага 2022 года. Найбліжэйшае даступнае для беларусаў консульства ЗША знаходзіцца ў Варшаве. Аднак гэты варыянт падыходзіць толькі для тых, у каго ёсць шэнгенская віза. Альтэрнатывамі для ахвотных паехаць у ЗША могуць стаць Амбасада ЗША ў Астане і Генеральнае консульства ЗША ў Алматы. Там для нерэзідэнтаў Казахстана выдзеленая абмежаваная колькасць месцаў.