Дзмітрый Максімчык: Гэта ідэя ўзнікла яшчэ ў Беларусі
Школа лічбавага маркетынгу і сацыяльных навыкаў дзейнічае ў Вільні.
Яе адкрыў Дзмітрый Максімчык, былы палітзняволены. Ён трапіў у Вільні таму, што ўцёк з папраўчай установы адкрытага тыпу, дзе адбываў пакаранне за фота з адной з акцый пратэсту 2020 года.
Як дзейнічае школа і хто яе наведвае – распавядае „Госць Рацыі” у размове з нашай карэспандэнткай.
РР: Як узнікла ідэя адкрыць школу для падлеткаў па вывучэнню маркетынгу?
– Гэта ідэя ўзнікла яшчэ ў Беларусі, калі я быў у турме, калі я вырашыў, што збягу ў Літву, то думаў, чым я буду там займацца. У мяне ўзнікла такая ідэя, у мяне быў досвед працы з падлеткамі ў Беларусі. Я вырашыў, што займуся ў Літве гэтай справай таксама. Калі я прыбыў у Літву, то паглядзеў, што так, гэтага тут не хапае. Тут ёсць шмат падлеткаў з Беларусі, з Украіны, якія не надта сацыяльна задзейнічаны. Пачаў рабіць гэтую справу, пачаў ствараць метадалогію, пачаў займацца гэтым пытаннем. Знайшоў аўдыторыю, знайшоў людзей і вось ужо, як месяц адкрыў гэты клас.
РР: Падлеткі якія ходзяць да вас, беларусы і ўкраінцы, гэта тыя, якія эмігравалі?
– Так, гэта дзеці людзей, якія беглі ад рэпрэсій, гэта дзеці палітвязняў, калі гаварыць пра беларусаў. Калі казаць пра ўкраінцаў, то гэта дзеці тых людзей, якія беглі ад вайны, ад ракетаў. Бачна, што тут ім няпроста, бо яны за кароткі час былі вымушаныя пакінуць сваю Радзіму, сваіх сяброў, сваіх родных. Яны прыйшлі ў новы соцыум, тут трэба было пачаць усё з нуля, канешне ім не хапае падтрымкі, кавалачка Радзімы. З’явілася такая мэта, каб на базе гэтай школы сфармаваць такую групоўку, дзе можна не толькі вучыцца, але і кантактаваць адзін з адным у такой суполцы з аднолькавымі інтарэсамі.
РР: Ваша школа шырэй за тэму маркетынгу. Што там яшчэ адбываецца?
– Так, акрамя маркетынгу гэта soft skills, гэта гнуткі навыкі. Бо маркетынг неразрыўна звязаны з софт скіламі. Калі ты паспяховы маркетолаг, калі ты ў камерцыі, у продажах, то ты павінен валодаць софт скіламі. Дарэчы з дзецьмі гэта асабліва актуальна, бо навучыць нейкаму харду, нейкім жорсткім навыкам проста, але гэтага мала. Трэба, каб была і камандная дзейнасць, крытычны погляд, крэатыўнасць і шмат нейкіх навыкаў, якія дапамагаюць у далейшым паспяхова выкарыстоўваць хардавыя навыкі.
РР: У вас вучацца дзеці ад 11 да 16 гадоў. Ці не рана ім вывучаць маркетынг?
– Скажу так, што калі мова ідзе пра дзяцей 12-13 гадоў, то там у праграме больш софт скілоў, потым мы пачынаем па трошачкі ўводзіць і дыджытал маркетынг. Са старэйшымі падлеткамі 14-15 гадоў мы ўжо недзе 50 на 50 дыджытал маркетынг уводзім. Гэта не рана, бо ёсць шмат прыкладаў, калі падлеткі вывучаюць нейкія навыкі і могуць свае веды манетызаваць, прымяняць іх на практыцы, выкарыстоўваць і быць карыснымі ў нейкіх справах, а да паўналецця паўнавартасна займацца нейкай справай, камерцыйнай у тым ліку.
Адукацыйна-практычны праект у галіне Digital Marketing і Soft Skills (ці Школу лічбавага маркетынгу і сацыяльных навыкаў) можна падтрымаць на Патрэон па спасылцы: https://www.patreon.com/dmss_school
Беларускае Радыё Рацыя