Рамаз Сакварэлідзэ: Чаканні ад візіту апраўдаліся…



Вынікі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію каментуе вядомы грузінскі палітолаг Рамаз Сакварэлідзэ.

Нагадаем, што падчас гэтага візіту прэзідэнты Грузіі і Беларусі падпісалі сумесную заяву, у якой, паводле інфармацыі грузінскіх СМІ, гаворыцца, што Грузія і Беларусь пацвярджаюць павагу да суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў.

Пасля гэтага МЗС Абхазіі заявіў пра тое, што падпісаная сумесная заява мае на ўвазе прэтэнзіі Грузіі на тэрыторыю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі як часткі сваёй дзяржавы.

Рамаз Сакварэлідзэ: Па выніках візіту ў Грузію беларускага кіраўніка ўсе адзначаюць паспяховасць сустрэчы. Даўно чакаўся кантакт з беларускім бокам на такім узроўні. І чаканні апраўдаліся, бо беларуская дэлегацыя была шырока прадстаўлена ў Грузіі не толькі на палітычным, але і эканамічным узроўні. Што датычыцца палітычнага аспекта, то візіт закончыўся важнай заявай, што Беларусь і Грузія будуць падтрымліваць адзін аднаго на палітычных арэнах свету. У эканамічным і гапалітычным плане ў нас быццам бы розныя арыентацыі – Беларусь арыентавана на Еўразійскі саюз, а Грузія – на еўраструктуры. І якраз сустрэча прэзідэнтаў Грузіі і Беларусі гаворыць аб тым, што мы не залежым ад такіх геапалітычных арыентацый, што задавальняе ўсе бакі. Буйныя блокі не сталі перашкодай для двухбаковых пагадненняў.

РР: На ваш погляд, як Масква адрэагуе на візіт Лукашэнкі ў Грузію?

Рамаз Сакварэлідзэ: Не думаю, што рэакцыя Крамля будзе вельмі крытычнай. Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што ставіць перад сабой на мэту, каб вярнуць Грузію ў агульную сям’ю краін былога Саюза. Гэдакая творчая задача беларускага кіраўніка!

РР: Грузія жадае вярнуцца ў гэтую сям’ю?

Рамаз Сакварэлідзэ: У Грузіі пакуль застаюцца праблемы з тэрытарыяльнай цэласнасцю. Размова ідзе аб акупакаваных Расеяй тэрыторыях. І менавіта фактар расейскай палітыкі перашкаджае Грузіі вярнуцца да нармальных двухбаковых пагадненняў з усімі рэспублікамі былога Саюза. Мы зацікаўлены ў тым, каб аказацца ў добрых адносінах, як з краінамі Захаду, так і Усходу. Зараз наладжваюцца сувязі з Кітаем, а гэта – вялікі гандлёвы шлях. Гэтая перспектыва ўказвае на агульную стратэгію Грузіі. Тым больш яна зацікаўлена ў кантактах з пастасавецкімі краінамі. Беларусь жа – гэта вароты ў Еўропу, таму, натуральна, мы зацікаўлены ў сяброўскіх адносінах з Беларуссю. Думаю, гэдак жа зацікаўлены і беларускі бок.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя