Юрый Бандажэўскі: Беларусаў прымушаюць забыць пра Чарнобыль
Былы рэктар Гомельскага медыцынскага інстытута, вядомы эксперт па медыцынскай радыялогіі і паталогіі, прафесар Юрый Бандажэўскі распавядае, што для яго азначае дзень Чарнобыльскай трагедыі, і як наступствы аварыі працягваюць нагадваць аб сабе сёння.
Юрый Бандажэўскі: 26 красавіка – сумны дзень не толькі для мяне, але, напэўна, для ўсіх. Чарнобыльская трагедыя наклала адбітак на ўсё тое, што сёння адбываецца са здароўем людзей. І перспектывы ў гэтым плане вельмі сумныя. Я не магу зараз сказаць, што мы перамаглі наступствы Чарнобыля ці дасягнулі нечага добрага, бо паказчыкі па здароўю беларусаў вельмі дрэнныя. Для ўсіх медыкаў, якія нейкім чынам звязаныя наўпрост са здароўем людзей, якія жывуць на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, усё гэта відавочна. Радасных матываў пакуль мала. Трэба нешта рабіць, каб працягваць ратаваць тых, хто застаўся жыць.
РР: Адным словам, наступствы Чарнобыля адчуваюцца і амаль праз 30 гадоў?
Юрый Бандажэўскі: У поўнай меры! Зараз ідзе другое пакаленне людзей пасля Чарнобыля, і эфекты, а таксама наступствы вельмі сур’ёзныя. На жаль, мы не можам нічога зрабіць, каб рэальна дапамагчы людзям, але маем тое, што маем.
РР: 30 гадоў таму адбылася такая жудасная трагедыя на АЭС, але сёння ў краіне ізноў будуецца атамная электрастанцыя. Як суадносяцца гэтыя супрацьлегласці?
Юрый Бандажэўскі: У Беларусі, здаецца, з 2006 году пачалася агітацыя за АЭС, затым праект вырашылі запусціць. Але асабіста ў мяне негатыўнае стаўленне да гэтай будоўлі. Яна абсалютна не патрэбна па любых матывах. У маральным плане не патрэбная, таму што людзі пацярпелі і маюць сур’ёзныя наступствы. На жаль, механізм гэтых захворванняў не вывучаецца ў поўнай меры, таму што тэму чарнобыльскіх наступстваў асабліва і не хочуць развіваць. Як жа яны гэта будуць агучваць, калі будуецца чарговая АЭС? Зараз беларускім уладам трэба казаць, што ў нас усё добра ды распавядаць, якая цудоўная атамная энергетыка. Але, паўтарусю, нічога добрага новая атамная станцыя Беларусі не дасць. Я кажу не толькі пра здароўе, але і іншыя сферы. Атамная станцыя – гэта цэлая праблема. Многія эканамічна развітыя краіны з цяжкасцю спраўляюцца з забяспечаннем такіх АЭС. Станцыя выдзяляе пэўную колькасць радыёнуклідных элементаў нават пры нармальным цыкле – гэта паказваюць даследванні. Насельніцтва, якое пражывае ля АЭС, мае павышаныя рызыкі анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, трэба разумець, што станцыя – гэта атамная бомба, на якую нас пасадзяць, і якая можа ў любы момант ўзарвацца.
РР: Беларусы далі маўклівую згоду на будаўніцтва новай АЭС. Няўжо так хутка забыліся пра Чарнобыльскую трагедыю?
Юрый Бандажэўскі: Іх прымушаюць забыць, хоць, на мой погляд, людзі ўсё памятаюць. У беларусаў – рэакцыя пакорлівасці да ўсяго. У тым ліку, і да чарнобыльскіх наступстваў. Я неяк сустрэўся з беларускімі калегамі-вучонымі, яны мне паведамілі, што чарнобыльская тэма ўжо закрыта, даследванні не праводзяцца. Хоць аб якім закрыцці тэмы можа ісці размова, калі столькі пытанняў, звязаных са здароўем людзей? Кожны чалавек адчувае гэта на сабе ці на блізкіх. У Беларусі высокі ўзровень смяротнасці. Пры гэтым трагедыі закранула ўсю краіну, кожны ў той ці іншай меры адчуў на сабе наступствы Чарнобыля. Іншая справа, што беларусы ўжо змірыліся з усім. Хоць праблема ад гэтага нікуды не знікае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя