У Варшаве пачаўся цыкл дзіцячых праграм „Чароўны край”
У Варшаве пачаўся цыкл дзіцячых праграм „Чароўны край” з артыстамі Сержуком Доўгушавым і Андрэем Еўдакімавым. Праект заснаваны на аснове народных традыцый і фальклору ў сучасным аздабленні.
Першая імпрэза мела назву „Песні, казачкі ды танцы”. Падчас яе адбыліся знаёмствы з унікальнымі музычнымі інструментамі, інтэрактыўныя гульні, супольныя спевы і танцы.
Пра праект „Чароўны край”, яго з’яўленне і важнасць нашаму карэспандэнту распавёў „Госць Рацыі”, музыка, лідар гурта „Vuraj” Сяржук Доўгушаў:
– Ідэя з’вілася ўжо даўно, з часоў філармоніі, калі з Андрэем Еўдакімавым разам гралі ў гурце „Vuraj”. Вырашылі пачаць рабіць праграму для дзяцей таму, што наш першы альбом так і называўся „Песні, казачкі ды танцы”. Потым гэта адышло, „Vuraj” стаў больш сур’ёзны, у нас з’явіўся такі фольк-рок, ідэя міфалогія, нашыя песні. Асабліва, калі я працаваў у Філармоніі для дзяцей і юнацтва, тады захацелася зрабіць такія праграмы на пастаяннай аснове. Вось тады ўсё і пачыналася, быў час, калі збіралі залю ў філармоніі, там была некалькі соцень дзяцей. Зараз прыйшоў час, я вяртаюся ў Польшчу і думаю, нешта не хапае тут дзіцячага кантэнту, трэба гэта аднавіць. Паспрабавалі, зрабілі цыкл, які мае розныя тэмы. Зараз вясна, у нас была першая праграма „Агу, вясна!”, усё на аснове традыцыі гукання вясны, святаў, абрадаў, нашай традыцыйнай музыкі, гульняў. Далей у нас „Песні, казачкі ды танцы”, гэта на аснове беларускай міфалогіі. У планах яшчэ зрабіць Юр’еў, на аснове абраду Юр’я, таксама веснавую праграму. Агулам гэты цыкл так і называлі – цыкл „Чароўны край”. Гэта праграма на аснове нашага фальклору ў такім сучасным аздабленні.
Нагадаем, з Сержуком Доўгушавым размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя