Батумі: пачала працу пляцоўка для беларускіх медыйшчыкаў
У грузінскім Батумі распачала працу пляцоўка для беларускіх медыйшчыкаў «Медыя Хаб». Яна паўстала дзякуючы двум беларускім журналістам — Алесю Залеўскаму ды Антону Сурапіну, яе стварэнне заняло амаль год.
Антон Сурапін распавядае пра цяжкасці стварэння гэтай пляцоўкі:
– Цяжкасць – гэта тое, што мы знаходзімся ўсё ж такі не ў сваёй роднай краіне, дзе ты ведаеш усё, ты ведаеш спецыялістаў. Калі табе спатрэбілася, напрыклад, заізаляваць пакой, ты ведаеш куды пайсці, дзе набыць матэрыялы, дзе можна прагугліць, знайсці. У Грузіі гэта, на жаль, немажліва. І толькі ў пошуках пэўных матэрыялаў, пэўных рашэнняў, тэхналагічных, інжынерных, было страчана безліч не тое, што гадзін, а дзён.
На думку Антона Сурапіна, пляцоўка мусіць стаць месцам працы і прыцягнення беларускіх журналістаў у Сакартвэла:
– „Медыя Хаб” быў створаны для таго, каб стаць пунктам прыцягнення беларускіх медыйшчыкаў, які месцяцца ў Батумі, якія жывуць у Батумі і ў Грузіі ў цэлам, то-бок людзі так ці інакш звязаныя з беларускім медыясектарам. Для гэтых людзей у нас ёсць зніжкі для наведвання. Напрыклад, калі беларускі медыйшчык прыйдзе ў любы каворкінг у Батумі, ён заплаціць прыкладна каля 30 лар, гэта крыху больш за 11 еўра, амаль 12. У нас – заплаціць 5 лар, гэта менш за 2 еўра.
Пляцоўка пад назвай „Медыя Хаб” знаходзіцца ў самым цэнтры старога Батумі па адрасе: вуліца Парнаваз Мепе, 67, і ёй ужо карыстаюцца беларускія медыйшчыкі, якія пасля 2020-21 гадоў пераехалі ў Сакартвэла ад рэпрэсіяў.
Беларускае Радыё Рацыя