Жыхары Лунінца кажуць пра „мабілізацыю”
У Лунінцы і раёне з аўторка пачалася так званая „мабілізацыя”: мужчын забіраюць з дому, з вуліцы, працоўных месцаў. Пра гэта сайту „Медыя-Палессе” расказалі мясцовыя жыхары.
„Калегу забралі проста з ложка. Як распавяла яго жонка, у дамафон раніцай пазванілі, прадставіўшыся суседзямі. Яна адчыніла. Далей невядомыя ўвайшлі ў кватэру, паднялі мужа з ложка. Сабрацца толкам не далі. Ніякай даведкі для працы не пакінулі”, — расказвае работнік аднаго з прадпрыемстваў.
Мужчыну разам з іншымі адвезлі на аўтобусе ў Слонім — у мабілізацыйны цэнтр. Там абвясцілі, што месцаў няма, і адпусцілі, але ўжо з позвай. Таксама журналістам расказалі, што па ўсіх населеных пунктах ёсць план мабілізацыі. Асаблівы попыт — на кіроўцаў і кухараў.
Паводле неафіцыйных звестак, за двое сутак з Лунінца павезлі каля 200 мужчын. Толькі 6 красавіка ад Дома культуры выправіліся два вялікія аўтобусы.