Чым небяспечная Астравецкая АЭС?
У Беларускім доме ў Вільні 6 красавіка адбылася лекцыя фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, эксперта праграмы „Бяспека радыёактыўных адходаў”.
Ён распавёў пра тое, ці выгадная атамная энергетыка, куды падзець ядзерныя адходы, закрануў пытанні ядзернай зброі. А таксама расказаў, што адбываецца ў Астраўцы і чым небяспечная БелАЭС:
– Любая атамная станцыя можа стаць крыніцай радыёактыўнай небяспекі, то бок паўтарыць лёс Чарнобыля і Фукусімы ў горшым выпадку. У лепшым – атруціць усё навокал сваімі радыёактыўнымі прадуктамі. Любая атамная станцыя вырабляе радыёактыўныя прадукты, гэта непазбежна стварае праблемы для будучых пакаленняў, з імі незразумела што рабіць. Любая атамная станцыя дае электраэнергію, якая даражэйшая за любую іншую, без субсідый атамная энергетыка цяпер не жыве.
Як сцвярджае фізік-ядзершчык, у Астравецкай атамнай станцыі яшчэ існуюць спецыфічныя рызыкі:
– Спецыфічныя рызыкі Астравецкай атамнай станцыі звязаныя з тым, што яе пабудавала расейская дзяржаўная карпарацыя „Росатам”. Мы ведаем пра праблемы з якасцю будаўніцтва, мы ведаем, што адзін рэактар пашкодзілі, другі ўдарылі аб слуп. Гэта дакладна пацверджаныя самімі атамшчыкамі факты парушэнняў іх нормаў і правілаў будаўніцтва. Мы ведаем, што вялізная колькасць недахопаў і недаробак не дазволіла першаму энергаблоку працаваць, як яны абяцалі 95% часу, ён працуе толькі 58% часу. Пастаянныя прастоі, пастаянныя адключэнні – гэта таксама сведчанне нізкай якасці працы.
Андрэй Ажароўскі прадэманстраваў прыборы па замярэнні радыяцыі, а таксама ацаніў станоўча парады МЧС Беларусі на выпадак аварыі на АЭС.
Лекцыя адбылася пры падтрымцы экалагічнай арганізацыі „Экадом”. Яе прадстаўніца Карына Салавей падчас імпрэзы яшчэ праанансавала кампанію “Чарнобыльскі тыдзень”, які пройдзе з 19 па 26 красавіка.
Даведка:
Паводле сацдаследавання, каля 40% беларусаў не ведаюць рэальнага стану будаўніцтва і эксплуатацыі БелАЭС, хоць лічаць радыёактыўнае забруджванне важнай тэмай. 45% негатыўна ставяцца да запуску станцыі, але гучаць меркаванні, што за атамнай энергетыкай будучыня.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя