У Беларусі больш не будуць прадаваць ёгурты Activia і Actimel



Французскі вытворца малочнай прадукцыі Danone плануе адмовіцца ад брэндаў Activia, Alpro, Actimel і Danone у Расеі, піша выданне Office Life. У Беларусь гэтыя малочныя прадукты вазілі з Расеі, таму ў нас іх таксама не будзе.

Крыніца на расейскім рынку, знаёмая з планамі замежнага прадпрыемства, распавяла газеце «Известия», што вытворца можа выкарыстоўваць лакальныя назвы для тых тавараў, якія зараз прадаюцца пад асноўнымі маркамі. Да прыкладу, да традыцыйных малака, кефіру, тварагу, смятаны “Прастаквашына” кампанія можа дадаць ёгурты, тварожныя дэсерты і іншую прадукцыю.

Пад Жабінкай плануюць пабудаваць вёску для айцішнікаў

Паблізу гораду Жабінка Берасцейскай вобласці распрацоўваюць праект цэлай вёскі для беларускіх айцішнікаў. Пра гэта завіў старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч. Мясцовыя ўлады маюць намер падвышаць інвестыцыйную прывабнасць і ствараць камфортныя ўмовы для бізнесу.

“Ільготны рэжым падаткаабкладання, наяўнасць свабодных аб’ектаў і ўчасткаў, транспартная даступнасць – усё гэта садзейнічае падвышэнню інвестыцыйнай прывабнасці горада і ўсяго Жабінкаўскага раёна. У бягучым годзе прынятае рашэнне аб прадастаўленні прэферэнцый юрыдычным асобам, якія з’яўляюцца навукова-тэхналагічнымі паркамі і іх рэзідэнтамі, цэнтрамі трансферу тэхналогій”, – сказаў Андрэй Кузьміч.

Што магло паўплываць на рост залатога запасу Беларусі?

На рост золатавалютных рэзерваў Беларусі ў сакавіку маглі паўплываць адразу некалькі фактараў, мяркуюць у Еўразійскім банку развіцця.

Па-першае, падаражэла золата. Рост кошту гэтага металу на сусветным рынку з 28 лютага па 31 сакавіка склаў 7,7%. Па-другое, „прыкметна знізіўся чысты попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку” Беларусі.

Нагадаем, з мінулага лета Нацбанк перастаў публікаваць структуру ЗВР, а таксама расказваць пра фактары, якія ўплываюць на змяненне рэсурсаў. За сакавік ЗВР Беларусі выраслі на 329,1 млн долараў (пасля падзення ў лютым) і склалі на пачатак красавіка 8,10 млрд долараў. Да канца года Нацыянальны банк Беларусі ставіць задачу забяспечыць узровень рэзерваў не ніжэйшы за 6 млрд долараў.

Сёлета велікодныя святы палякі адзначаюць больш сціпла

Апошнія даныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы сведчаць, што ў сакавіку 2023 года цэны на прадукты харчавання выраслі ў сярэднім на 24% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Амаль 6 з 10 палякаў мелі намер абмежаваць свае велікодныя пакупкі. 14% апытаных планавала выдаць больш, чым летась, вынікае з сацыялагічнага даследавання, праведзенага фірмай KRUK S.A., вынікі якога надрукавала інтэрнэт-выданне strefabiznesu.pl. Чарговы год запар палякі больш аскетычна падыходзяць да планавання велікодных святаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар