Пра велікодны падарунак уладаў
Улады Беларусі не былі б уладамі Беларусі, калі не зрабілі штосьці непрыемнае беларусам. Каб лішні раз не паказалі сваю ўладу і хто ў доме гаспадар. Гэтым разам Менгарвыканкам пакінуў каталіцкіх вернікаў без велікодных службаў на прылеглай тэрыторыі Чырвонага касцёла Сымона і Алены. Чыноўнікі проста ўзялі і забаранілі. У выніку каталіцкім вернікам давялося ісці на велікодныя службы ў іншыя храмы.
Нагадаю, менскія ўлады пазбавілі вернікаў Чырвонага касцёла яшчэ ў кастрычніку 2022 года. Чыноўнікі, праўда, сцвярджалі, што прычына ў рамонце, які неабходна правесці ў памяшканні пасля пажару. Як паведамлялі восенню ў КУП “Мінская спадчына”, будынак выведзены з эксплуатацыі на перыяд аднаўленчых прац. Паколькі Чырвоны касцёл у вернікаў забралі, то яны прыходзілі памаліцца каля яго. Аднак і гэта потым забаранілі. І вось цяпер на вельмі важнае для хрысціян свята менскія ўлады забаранілі каталікам праводзіць набажэнствы на прылеглай тэрыторыі і ў плябаніі Чырвонага касцёла. Ведаеце, як патлумачылі сваё рашэнне чыноўнікі: тым, што ў дадзеным выпадку гэта будзе масавым мерапрыемствам. Крута, то бок набажэнствы на прылеглай тэрыторыі касцёла – гэта ўжо масавае мерапрыемства. Цікава, а калі проста пастаяць аднаму побач моўчкі – то гэта ўжо адзіночны пікет? Дык, тады да ўсяго, чаго заўгодна можна прычапіцца. Не спадабаўся ты чыноўніку – ён цябе абвінаваціць у адзіночным пікеце. А раптам калі якога чыноўніка на свята якое не запросіш, то ён цябе, як тая злая фея з казкі, пакарае. Толькі не ўколам верацяна, ад якога ўсё каралеўства засне. А абвінаваціць усіх прысутных на свяце ў масавым мерапрыемстве.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя