У Еўропе зрабілі прагноз, колькі яшчэ працягнецца забарона на палёты над Беларуссю



Абмежаванні на палёты грамадзянскай авіяцыі ў паветранай прасторы Беларусі, а таксама Украіны, Расеі і Малдовы захаваюцца найменш да 2029 года. Такі прагноз змяшчаецца ў дакладзе Еўрапейскай арганізацыі па бяспецы паветранай навігацыі (Еўракантроль).

Там адзначаецца, што авіяцыйная галіна да гэтага часу не аднавілася пасля пандэміі каронавіруса. Да гэтага дадаліся рызыкі з-за расейскай агрэсіі ва Украіне, абмежаванні ўнутраных рэйсаў па экалагічных меркаваннях, недахоп персаналу ў аэрапортах і звязаныя з гэтым забастоўкі.

Сярод ключавых фактараў таго, як расейскае ўварванне ва Украіну ўплывае на грамадзянскую авіяцыю, Еўракантроль называе агульнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, у прыватнасці, паніжэнне прагнозаў росту ВУП з-за разрываў ланцужкоў паставак энерганосьбітаў, высокую інфляцыю і падзенне агульнага ўзроўню даверу.

Нагадаем, паветраную блакаду Беларусі ўвялі пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце ў траўні 2021 года. У выніку інцыдэнту шмат якія кампаніі адмянілі палёты ў Беларусь, а таксама над Беларуссю. Акрамя таго, усе суседнія краіны, акрамя Расеі, закрылі неба для беларускіх самалётаў.

Беларускае Радыё Рацыя