Сярэдні заробак перавышае 3000 рублёў толькі ў дзвюх сферах



У Беларусі сярэдні намінальны налічаны заробак у лютым перавысіў 3000 рублёў толькі ў дзвюх сферах. Гэта „інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання”, а таксама „горназдабыўная прамысловасць”.

Работнікі гэтых сфер зараблялі адпаведна 6421 і 3001 рубель.  На трэцім месцы з мінімальным адрывам размясціліся фінансісты і страхавальнікі – 2999 рублёў.

Менш за ўсё ў маштабах краіны зараблялі ў лютым сацработнікі (1040 рублёў), у сферах рыбалоўства (1092) і аказанні адміністрацыйных і дапаможных паслуг (1139).

“Гродна Азот” фінансуе рэканструкцыю цэха за кошт расейскага крэдыту

Група кампаній Расійскага экспартнага цэнтра, „Банк БелВЭБ” і ВЭБ.РФ вылучаць прадпрыемству „Гродна Азот” крэдытную лінію на першы этап рэканструкцыі цэха аміяк-4. Адпаведнае пагадненне было падпісана на мінулым тыдні, паведаміла прэс-служба „Банка БелВЭБ”.

Ліміт крэдытнай лініі складае 3,25 млрд расейскіх рублёў. Тэрмін прадастаўлення – 7 гадоў. Частка працэнтнай стаўкі субсідуецца за кошт бюджэту РФ. Рэканструкцыю цэха будзе пад ключ выконваць расейская кампанія. Чакаецца, што ў выніку „Гродна Азот” зможа павялічыць выпрацоўку аміяку і знізіць спажыванне энергіі.

У ІТ-галіне Беларусі заходнія інвестыцыі хочуць замяніць азіяцкімі

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак на нарадзе, прысвечанай праектам указаў па развіцці Парка высокіх тэхналогій. „Трэба асвоіць новыя рынкі”, — заклікаў ён прысутных. І патрабаваў вынік ад працы.  „Хацеў бы пачуць ад прысутных, як мы можам максімальна паскорыць працу і калі атрымаем канкрэтны вынік”, — гаварыў Лукашэнка. На нарадзе, прысвечанай ІТ, ён папярэдзіў прысутных, што „пад плінтусам адседзецца не атрымаецца”. Тым часам у Беларусі захоўваецца тэндэнцыя адтоку ІТ-спецыялістаў. 

“Белпошта” падвышае тарыфы на некаторыя паслугі

Паслуга “Паштовы кур’ер” ад “Белпошты” з 11 красавіка даражэе, паведамляе прэс-служба ведамства. Гэтая паслуга дазваляе адпраўляць лісты або пасылкі да 30 кілаграмаў з дома або офіса з дапамогай кур’ера. Акрамя яе, падаражэюць заказныя лісты, адпраўленні “1-га класа” і з аб’яўленай каштоўнасцю па Беларусі. Наколькі менавіта вырастуць тарыфы, паштовы аператар пакуль не ўдакладняе. Акрамя таго, не так даўно “Белпошта” ўвяла камісію 1,5% за прыём плацяжоў і пераводаў з картаў замежных банкаў. Такая ж камісія бярэцца, калі па замежнай карце аплачваць паслугі па АРІП у паштовым аддзяленні.

Нью-Ёрк, Масква, Шэньчжэнь. Дзе больш за ўсё мільярдэраў?

Амерыканскі часопіс Forbes склаў рэйтынг гарадоў свету, у якіх жыве больш за ўсё мільярдэраў. Узначаліў топ-10 Нью-Ёрк, дзе пражывае 101 мільярдэр з сукупным багаццем $616,8 млрд. За год іх колькасць зменшылася на шэсць чалавек, а самы багаты жыхар горада — былы мэр Майкл Блумберг з маёнткам $94,5 млрд.

Далей у першай пяцёрцы ідуць Ганконг, Пекін, Шанхай і Лондан. На шостае месца рэйтынгу Forbes выйшла Масква, якая летась займала 7-ю пазіцыю. У расейскай сталіцы пражывае 61 мільярдэр з сукупным багаццем $307,1 млрд. За год іх колькасць павялічылася на восем чалавек, а найбагацейшы масквіч зараз кіраўнік “Интерроса” Уладзімір Патанін $23,7 млрд.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Ігар Акімаў