Генадзь Коршунаў: Большасць беларусаў «за» асцярожныя рэформы ў краіне
Падчас анлайн-прэзентацыі даследавання “Якія рэформы патрэбны Беларусі?» Цэнтр новых ідэй прадставіў вынікі глыбінных інтэрв’ю з беларусамі, якія зараз знаходзяцца ўнутры краіны. Цэнтральным пытаннем стала – стаўленне беларусаў да рэформаў.
Зрэз грамадскага меркавання праставіў старшы даследчык ЦНІ Генадзь Коршунаў:
-Што людзі кажуць пра аслабленне ўлады, неабходнасць раздзяржаўлення? Гэта неабходная ўмова для развіцця рэгіёнаў, бізнеса, развіцця чалавека, для развіцця ініцыятывы. Ініцыятыва мусіць быць рухавіком эвалюцыі. 56% гараджан кажуць, што рэформы мусяць быць ва ўсіх сферах, але паступова. Таму што сітуацыя ў розных сферах аб’ектыўна розная. Вельмі моцнае жаданне пазбегчы памылак. Рэформы мусяць ісці так, што адныя змены рыхтуюць глебу для другіх.
Паводле вынікаў апытання беларусаў, сфера дзяржаўнага кіравання ў Беларусі празмерна цэнтралізаваная і кансерватыўная, а чыноўнікі – некампетэнтныя. Эканоміка Беларусі «завязана» на палітыку, зарэгулявана і не вырашае праблемы неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў.
Адукацыя ў Беларусі – кансерватыўная і жорсткая сістэма, ахова здароўя больш за ўсіх пакутуе ад недахопу кадраў, а пенсійную сістэму цяжка назваць справядлівай.
Беларускае Радыё Рацыя