Трактары і фармацэўтыка: у Венгрыі расказалі пра супрацу з Беларуссю



У Венгрыі з’явіцца зборачная вытворчасць беларускіх трактароў. Навіной падзяліўся кіраўнік МЗС гэтай краіны Петэр Сіярта падчас беларуска-венгерскага эканамічнага форуму ў Будапешце, піша БелТА. Сіярта адзначыў, што большая частка трактароў, якія працуюць у Венгрыі, беларускай вытворчасці. У гэтай краіне ёсць прадстаўніцтва Менскага трактарнага завода, а хутка з’явіцца і зборачны цэх.

Яшчэ адзін напрамак, на якім плануюць зрабіць акцэнт, – кааперацыя ў фармацэўтыцы. Як падкрэсліў Петэр Сіярта, асаблівая роля тут будзе ў венгерскай фармацэўтычнай і біятэхналагічнай кампаніі Gedeon Richter. Ён паабяцаў дапамагчы беларускай прадукцыі выйсці на еўрапейскі рынак, а ў Менску закупляць неабходныя лекі, паведамляе Office Life.

У Мсціславе прызналі нерэнтабельным выпуск “чарніла”

Мсціслаўскі хлебазавод вырашыў адмовіцца ад выпуску пладовага віна, вытворчасць якога прызнаная нерэнтабельнай, пішуць „Магілёўскія ведамасці”.  Каб не звальняць сотні работнікаў, Мсціслаўскі райвыканкам і кіраўніцтва кампаніі „Дамачай” вырашылі замест вытворчасці „чарнілаў” паставіць аўтаматызаваную лінію па вытворчасці слабаалкагольных і безалкагольных напояў. Частка абсталявання для выпуску новай прадукцыі ўжо набытая і ўсталяваная.

У Мсціславе плануюць выпускаць шэсць відаў слабаалкагольных напояў і чатыры — безалкагольных. Брэнд новай прадукцыі пакуль што распрацоўваецца. Дарэчы, новае абсталяванне дазволіць выпускаць і пітную ваду высокай якасці.

Скарацілі колькасць АЗС для запраўкі фур з Еўразвяза

Пералік АЗС, на якіх могуць запраўляцца грузавікі з нумарамі Еўразвяза, стаў яшчэ карацейшым. Летась у адказ на еўрапейскія санкцыі ўлады Беларусі абавязалі кіроўцаў фур з нумарамі краін ЕЗ запраўляцца толькі на вызначаных АЗС. У спіс увайшло 15 заправак паблізу 10 пунктаў пропуску, побач з якімі арганізавана перачэпка грузаў. На такіх АЗС устаноўлены спецыяльныя цэны на паліва, большыя, чым на звычайных запраўках. Цяпер у гэтым спісе застаецца восем заправак: па дзве АЗС для грузавікоў, якія заязджаюць праз пункт пропуску “Казловічы”, а таксама “Прывалка” і “Відзы”. Па адной запраўцы прадугледжана для пунктаў пропуску “Беняконі” і “Бераставіца”.

За запраўку еўрапейскага грузавіка ў іншых, не прызначаных для гэтага месцах, прадугледжаны штрафы ад 2 да 100 базавых велічынь (на гэты момант базавая — 37 рублёў), піша nashaniva.com.

Палякі супраць забароны на рэгістрацыю аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання

65 працэнтаў рэспандэнтаў у Польшчы супраць правілаў, уведзеных краінамі-чальцамі Еўразвяза, датычных забароны на рэгістрацыю новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання з 2035 года. Забарону падтрымліваюць 27 працэнтаў апытаных, а больш за 8 працэнтаў – не маюць свайго меркавання па гэтай справе, пра гэта сведчаць вынікі апытання United Surveys, якія прыводзіць Dziennik Gazeta Prawna.

Беларускае Радыё Рацыя.