У Беластоку ўшанавалі памяць ахвяраў Катынскага расстрэлу (абноўлена)
Сёння ў Беластоку адзначылі Дзень памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу і гадавіну другой масавай дэпартацыі ў Сібір. З нагоды гэтых дзвюх гадавін віцэ-мэр Беластока Рафал Рудніцкі ўсклаў кветкі да помніка ахвярам Катынскага расстрэлу ў парку Канстытуцыі 3 мая і да помніка-магілы Невядомаму сібіраку, паведамляе bialystok.pl.
У Беластоку ўзгадалі 83-ю гадавіну Катынскага расстрэлу і ахвяраў Казельска, Асташкава і Старабельска, а таксама кіеўскіх і менскіх вязняў, расстраляных НКВД у 1940 г. Штогод ля помніка ахвярам Катынскага расстрэлу ладзяцца гарадскія ўрачыстасці ў памяць аб тых драматычных падзеях. На сёлетніх урачыстасцях прысутнічалі, між іншым, віцэ-мэр Рафал Рудніцкі, прадстаўнікі вайсковых службаў, гарадскія радныя і жыхары.
13-14 красавіка 1940 года — гэта таксама дата другой масавай дэпартацыі ў глыб СССР. У рамках гэтай акцыі ў паўночны Казахстан было дэпартавана каля 61 тысячы чалавек, асабліва сем’яў раней рэпрэсаваных. Такім чынам, лічыцца, што каля 80% жанчын і дзяцей былі ў гэтай групе, у тым ліку сем’і афіцэраў, забітых у Катыні. Мяркуецца, што ў чатырох буйных дэпартацыях грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай з акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторый удзельнічала некалькі сотняў тысяч чалавек. Многія з іх так і не вярнуліся дадому.
Фота: bialystok.pl
* * *
13-га красавіка – Дзень памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу.
Сёння ў Беластоку ваявода падляшскі Богдан Пашкоўскі і намеснік ваяводы Багуслава Шчэрбіньска ўшанавалі памяць забітых ускладаннем кветак да Помніка-магілы Невядомаму Сібіраку і Катынскаму помніку ў Беластоку і прынялі ўдзел у цырымоніі ў Бароўскіх Гзіках, паведамляе gov.pl/web/uw-podlaski.
13 красавіка 1943 года ўвесь свет пачуў пра злачынства савецкай улады. У той дзень немцы паведамілі аб адкрыцці ў лесе пад Катынню магілаў польскіх афіцэраў, забітых НКВД тры гады таму.