Беларусы за мяжой будуць больш плаціць за апастыль і пашпарт



Раней апастыль у дыпламатычных прадстаўніцтвах каштаваў 35 еўра. Цяпер цана легалізацыі беларускіх дакументаў за мяжой або прастаўленне апастылю складае 50 еўра. Такая пастанова МЗС Беларусі з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Апастыль патрэбны, каб дакументы, складзеныя ў Беларусі, прызнаваліся за межамі нашай краіны.

Вядома таксама, што падаражэлі іншыя паслугі, у тым ліку выраб пашпарта. Цяпер гэта каштуе не 40 еўра як раней, а 50. Таксама з 250 еўра да 400 паднялі стаўку за разгляд заявы аб выхадзе з грамадзянства Беларусі, паведамляе officelife.media.

Беларусь не вярнула Венесуэле амаль $1,5 млрд

Былы міністр нафты і горназдабыўной прамысловасці Венесуэлы Рафаэль Рамірэс пацвердзіў, што Беларусь не вярнула яго краіне амаль $1,5 млрд. Гэта доўг за пастаўкі нафты, якія адбыліся яшчэ за часамі Уга Чавеса.

Напярэдадні Беларускі расследвальніцкі цэнтр сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP апублікаваў расследаванне на гэтую тэму. Пасля яго з’яўлення і загаварыў Рамірэс, які працаваў ва ўрадзе ў 2002-2013 гадах. Ён сцвярджае, што кантракт на пастаўку нафты Беларусі быў нявыгадны для Венесуэлы, але яго ўсё роўна падпісалі. Паводле Рамірэса, у нейкі момант беларусы пачалі адмаўляцца плаціць. Пасля смерці Чавеса пытанне заглухла.

У Беларускі катастрафічна не хапае складоў

У Беларусі ў першым квартале надалей назіраецца дэфіцыт складоў. Сярод прычын – рост на складах запасаў нерэалізаванай прадукцыі прадпрыемстваў, абмежаванне грузавых перавозаў і высокі попыт на склады з боку расейскіх гандлёвых інтэрнэт-гігантаў кшталту “Wildberries”. Пра гэта паведамляе бізнес-выданне Office Life. Па стане на пачатак сакавіка запасы гатовай прадукцыі склалі 78 працэнтаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў краіне. І гэта максімальны паказчык за апошнія 10 гадоў.   Кошт запасаў гатовай прадукцыі перавысіў 9 мільярдаў рублёў.

На бліжэйшыя месяцы прагнозы экспертаў не суцяшальныя: надалей будуць павялічвацца запасы гатовай прадукцыі на складах, а вялікі попыт на склады надалей не будзе задаволены.

Інфляцыя ў сакавіку ў Польшчы склала 16,1 працэнта

Цэны на спажывецкія тавары і паслугі ў сакавіку выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 16,1 працэнта, паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні.

Галоўны эканаміст Bank Pocztowy Моніка Куртэк заявіла, што цэны на прадукты былі галоўным фактарам росту інфляцыі ў сакавіку. Яна адзначыла, што больш за ўсё падаражэлі свініна і гародніна. Паводле эксперта,  у бліжэйшыя месяцы інфляцыя будзе зніжацца больш павольна, чым прагназавалася, але ў чацвёртым квартале гадавая інфляцыя будзе меншай 10 працэнтаў, перадае polskieradio.pl

Беларускае Радыё Рацыя.