Зяленскі ўвёў санкцыі супраць міністра спорту Беларусі



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ пра ўвядзенне санкцый супраць шэрагу беларускіх, расейскіх і ўкраінскіх грамадзян. Дакумент апублікаваны на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

З Беларусі пад санкцыі патрапілі лёгкаатлет Раман Недасекаў, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Белая Русь”, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Алег Раманаў. Усе яны заяўлялі пра сваю падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку і ягонай пазіцыі па вайне Расеі супраць Украіны.

Усяго пералік уключае 15 розных відаў санкцый. Абмежаванні прадугледжваюць блакаванне актываў, спыненне гандлёвых аперацый і іншыя меры – тэрмінам на 50 гадоў. Яны не змогуць уехаць ва Украіну і валодаць там маёмасцю. Усяго ад пачатку вайны Зяленскі ўвёў тыя альбо іншыя абмежаванні супраць больш як 2 500 грамадзян Беларусі – у тым ліку высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў, і больш як 1300 беларускіх кампаній.

Тым часам, міністарка фінансаў Польшчы Магдалена Жэчкоўска заявіла, што Польшча выдаткавала на дапамогу Украіне суму, эквівалентную 2% нацыянальнага ВУП, гэта значыць каля 50 мільярдаў злотых. Палітык падкрэсліла, што такія выдаткі неабходныя, бо Украіна таксама змагаецца за будучыню Польшчы. Жэчкоўска падкрэсліла, што Польшча атрымала па гэтым пытанні нязначную падтрымку з боку Еўразвязу.

Міністарка дадала, што, нягледзячы на ​​значны рост бюджэтных выдаткаў і высокую інфляцыю, польская эканоміка развіваецца адносна хутка, адзначыўшы, што вайна ва Украіне зʼяўляецца асноўнай прычынай запаволення эканамічнага росту і высокай інфляцыі.