У Слоніме забаранілі шахматны турнір



Добрую справу хацеў арганізаваць у Слоніме 26 красавіка вядомы мясцовы шахматыст Уладзімір Літвін. Гэта першынство Слонімскага раёна па шахматах сярод моладзі, прысвечанае наданню Слоніму Магдэбурскага права. Пра гэты турнір ён паведаміў у слонімскай раённай газеце “Слонімскі веснік” і па мясцовым тэлебачанні. Турнір павінен быў адбыцца ў Слонімскім раённым фізкультурна-спартыўным клубе па рабоце з насельніцтвам у 12 гадзін.

І раптам 25 красавіка на тым самым месцы, дзе была аб’ява пра турнір, у “Слонімскім весніку” з’яўляецца аб’ява аб тым, што 26 красавіка, таксама у 12 гадзін у Слонімскім Цэнтры культуры адбудзецца шахматны турнір сярод моладзі, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, які арганізоўвае Слонімскі райвыканкам. Уладзімір Літвін быў здзіўлены, але вырашыў так: няхай райвыканкам праводзіць свой турнір, а ў нас адбудзецца свой.

Як і было дамоўлена, 26 красавіка ў клуб пачалі збірацца юныя аматары шахмат і прыйшоў Уладзімір Літвін, але клуб аказаўся зачыненым. Тады ўсе вырашылі пайсці ў Цэнтр культуры. Там Уладзімір Літвін прапанаваў арганізатарам даць хоць дазвол на ўручэнне ад сябе асабіста падарункі лепшым шахматыстам. Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Сяргей Юшкевіч сказаў, што ніякіх падарункаў ад вас не трэба – інакш ён выкліча міліцыю. Так ініцыятыва слонімца правесці ў горадзе шахматны турнір  аказалася пад забаронай.

Вольга Рагозік, Беларуская Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара