Сяргей Панфілаў распавёў пра канферэнцыю „Craft Day”
Што трэба, каб стаць паспяховым беларускім рамеснікам у Польшчы? Якія бізнэс-памылкі робяць творцы? Як развіць свой праект? На гэтыя і іншыя пытанні нашаму карэспандэнту адказаў „Госць Рацыі”, сузаснавальнік Асацыяцыі прадпрымальнікаў AIST Сяргей Панфілаў.
Таксама дзеяч распавёў, што будзе ўяўляць сабой канферэнцыя „Craft Day”, якая пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі 21-га красавіка:
– Задумана так, што прыкладна адна трэцяя павесткі будзе прысвечана адміністрацыйна-юрыдычным пытанням. То бок гэта датычыць таго, як легальна весці дзейнасць у Польшчы. Бо гэта адзін са складнікаў культуры нашага грамадскага аб’яднання AIST, бо калі мы ў еўрапейскай краіне, то пажадана, каб мы вялі бізнес у „белую”. Астатняя частка будзе прысвечана ўжо практычным кейсам, то бок гэта практыкуючыя рамеснікі. Мы стараемся адшукаць тых людзей, які не толькі займаюцца стварэннем аб’ектаў мастацтва ці народнай творчасці, але і карыстаюцца сучаснымі інструментамі. То бок гандлююць на сучасных пляцоўках, займаюцца аптымізацыяй бізнес працэсаў унутры, шмат працуюць з маркетынгам, з падачай сваіх прадуктаў у сетках. Напэўна ў тым ліку прыцягнем людзей, якія пачалі і дрэнна скончылі, бізнес якіх разваліўся. Бо гэта таксама важны складнік. Ёсць нейкая зацыкленасць на паспяховым поспеху, тым не менш бізнес такая рэч, дзе 80% удзельнікаў як след губляюць капітал. Праект важна ведаць, разумець і намагацца не паўтараць памылак іншых людзей. Усё задумана ў выглядзе кароткіх спічаў, то бок у кожнага спікера будзе 20-ць хвілін. Мы не дазволім задаваць пытанні непасрэдна падчас выступу спікера, бо 20-ць хвілін гэта вельмі мала для асэнсаванай прэзентацыі. Усё будзе ісці кароткімі пуламі, па тры спікера ў пуле, паміж пуламі будуць працяглыя перапынкі, тыя ж 20-30 хвілін, у якіх госці мерапрыемства змогуць падысці да зацікавіўшага іх спікера і задаць свае пытанні.
З сузаснавальнікам Асацыяцыі прадпрымальнікаў AIST Сяргеем Панфілавым размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя