️Беларусы свету правялі акцыю супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі (абноўлена)
Чарнагорыя далучылася да флэшмобу супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
14-га красавіка на набярэжнай чарнагорскага горада Бар беларуская дыяспара далучылася да сусветнага флэшмобу супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
Пра акцыю распавёў удзельнік, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Чарнагорыі – спадар Аляксандр:
– Адзін з чальцоў Каардынацыйнага савета прапанаваў правесці такі флэшмоб. Трымалі плакат з надпісам ”Беларусь супраць ядзернай зброі” па-ангельску, канешне ж. Трымалі і перадавалі з аднаго да другога горада ў Чарнагорыі. Потым у фінальнай версіі відэакліпу так атрымалася, што і спадарыня Ціханоўская перадавала, і спадар Латушка перадаваў, і вельмі шмат розных гарадоў перадавалі адзін аднаму гэты самы плакат.
Па словах прадстаўніка беларускай дыяспары ў Чарнагорыі, аніякіх перашкодаў акцыя не сустрэла. Мясцовыя жыхары і ўлада з разуменнем ставяцца да беларусаў. Акрамя гэтага да супольных акцый салідарнасці далучаюцца ўкраінцы і расейцы, якія жывуць у Чарнагорыі.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Акцыя аб’яднала гарады, краіны і кантыненты. Удзел у ёй прынялі і беларусы Беластока. Тэкст ад дыяспары: Беларусы па ўсім свеце супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Флэшмоб беларусаў у якім прынялі ўдзел беларускія дыяспары па ўсім свеце, а таксама вядомыя асобы Святлана Ціханоўская, Івонка Сурвіла, Павал Латушка, Кацярына Сныціна. Пра які суверэнітэт можна казаць, калі суседняя краіна размяшчае на нашай тэрыторыі сваю ядзерную зброю?
Размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі гэта:
️канчатковая адмова Беларусі ад суверэнітэту
️прамая пагроза жыццю і бяспецы насельніцтва Беларусі
доказ акупацыі краіны Расеяй
Акт агрэсіі супраць незалежнай Беларусі