Гісторыя яшчэ скажа праўду



Гэты чалавек увайшоў у гісторыю Беларусі, у гісторыю беларускай культуры як беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Імя яго Платон Галавач. 18 красавіка Платону Галавачу спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння. Ён быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, намеснікам наркама асветы БССР, рэдактарам рэспубліканскіх перыядычных выданняў – газеты “Чырвоная змена”, часопісаў “Маладняк”, “Полымя”, членам ЦК Кампартыі Беларусі і членам ЦВК БССР, адным з самых таленавітых беларускіх празаікаў і публіцыстаў.

Платон Галавач нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Пабокавічы Бабруйскага павета ў беднай сялянскай сям’і. Праз паўтара года пасля нараджэння Платона памерла яго маці. Хлопчык скончыў народнае вучылішча ў вёсцы Гарбацэвічы. Пасля 1917 года юнак пайшоў у Гарбацэвiчах  у школу першай ступені, дзе падчас вучобы пачаў удзельнічаць у літаратурным гуртку. Паступіў у камсамол і арганізаваў у роднай вёсцы ячэйку, займаўся ліквідацыяй непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізацыяй клуба і хаты-чытальні.

У 1922 годзе Платона Галавача паслалі на вучобу ў Менскую камсамольскую школу. Затым адзiн год ён быў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэта камсамола.

У 1926 годзе Платон Галавач скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі і быў запрошаны на працу ў ЦК камсамола, дзе стаў загадчыкам аргаддзела, а на IX з’ездзе камсамола Беларусі ў 1928 годзе яго абралі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Адначасова працаваў адказным рэдактарам ​​газеты „Чырвоная змена”. У 1929 годзе Платон Галавач пачаў працаваць намеснікам наркама асветы БССР. Ён уваходзіў у кіраўніцтва літаратурнай арганізацыі „Маладняк”. Быў рэдактарам часопіса „Маладняк” і „Полымя” (першы рэдактар ​​гэтага часопіса ў 1930-1932 гадах). У лістападзе 1928 увайшоў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў і быў абраны яе Генеральным сакратаром.

Платон Галавач пачаў друкавацца з 1921 года. Напісаў і выдаў шэраг зборнікаў апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), аповесцей «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), рамана «Праз гады» (1935, перавыдадзены ў 1936, 1984), нарыса пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У 1958 годзе з друку выйшаў “Збор твораў” у 3 тамах. У 1963 годзе часопіс «Полымя» надрукаваў «Пісьмы Платона Галавача» і г.д.

28 кастрычніка 1937 года Платон Галавач быў прыгавораны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Прыгавор прыведзены ў выкананне назаўтра – 29 кастрычніка. Па адной з версій, Платон Галавач расстраляны ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Паводле ўспамінаў відавочцаў, такіх самых пакутнікаў, якія цудам засталіся ў жывых, у турэмных сутарэннях за трубой, была знойдзена запіска на абрыўку паперы ад махорачнага пачка: “Таварышы. Даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду. Платон”.

Платон Галавач быў рэабілітаваны ВК ВС СССР 25 ліпеня 1956 года і паводле хадайніцтва жонкі ўзноўлены ў правах сябра Саюза пісьменнікаў. У 1989 годзе пісьменнік быў афіцыйна адноўлены ў гісторыі ЛКСМБ як яго першы сакратар ЦК. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, бадай, не знойдзеш другога пісьменніка, у якога засталася б такая багатая неапублікаваная літаратурная спадчына, як у Платона Галавача. На вялікі жаль, многія творы, над якімі працаваў ён перад арыштам, засталіся незавершанымі.

Беларускае Радыё Рацыя