Сваякі беларускіх добраахвотнікаў пад асаблівай увагай сілавікоў
Пад асаблівай увагай сілавікоў знаходзяцца сваякі беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну. Толькі за апошні месяц прайшла серыя вобшукаў, выклікаў на допыты. Між іншага родзічаў спрабуюць прымусіць публічна асудзіць дзеянні іх блізкіх.
Ужо двойчы сілавікі прыходзілі і да грамадскай дзяячкі з Пінску Веранікі Івановай. Паводле яе слоў, сваякі з’яўляюцца сапраўднымі закладнікамі:
– Аказанне маральнага ўціску. Калі б асноўнай мэтай было недапушчэнне новых добраахвотнікаў, то я думаю, што гэтаму надавалі б шырокі розгалас. Шырокага розгаласу няма, то бок гэты факт хаваецца, гэта як след вылазіць з нейкіх прыватных размоў. Гэта свайго кшталту, як узяцце ў закладнікі тых, хто тут знаходзіцца. Я мяркую, што гэта ў першую чаргу арыентавана на тых, хто ўжо знаходзіцца там. Ну і можа быць ужо ў пятую, трыццаць пятую чаргу на тых, хто туды сабраўся. Гэта шантаж, гэта праца з закладнікамі.
Кірыл Іваноў амаль з першых дзён далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і ў нейкі момант вырашыў для сябе не хаваць сваёй пазіцыі. Адпаведна неўзабаве гэта выклікала зацікаўленасць сілавікоў у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя