Беларускі брамнік штампуе рэкорды ў чэмпіянаце Казахстана




Беларускі брамнік „Кызыл-Жара” Раман Сцяпанаў не прапускае на працягу 196 хвілін.

Фота: pressball.by

Апошні раз ён прапускаў 2 красавіка ў Актобе пасля ўдару абаронцы „Актобэ” Алібека Касыма. Гэта адзіны прапушчаны гол Сцяпанава ў цяперашнім сезоне, ды і той з пенальці, паведамляе KazFootball.

Рэкорд гэтага сезона таксама належыць Раману Сцяпанаву, чыя сухая серыя склала 286 хвілін. Рэкорд чэмпіянатаў Казахстана належыць брамніку „Кайрата” Сяргею Бойчанку, які ў 2005-2006 гадах не прапускаў на працягу 921 хвіліны.

Першыя паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначацца ў Лондане і Неапалі

У брытанскай сталіцы лонданскі „Чэлсі” паспрабуе ўзяць рэванш у мадрыдскага „Рэала” за гасцявую паразу з лікам 0:2. Перад візітам у Лондан футбалісты „Рэала” ў 29-м туры чэмпіянату Іспаніі абыгралі на выездзе „Кадыс” 2:0 і па-ранейшаму займаюць другое месца ў нацыянальным першынстве, саступаючы „Барселоне” 11 ачкоў. У хатнім паядынку 31-га тура англійскай прэм’ер-лігі „Чэлсі” прайграў на хатняй арэне „Брайтану” з лікам 1:2 і знаходзіцца на 10-м месцы ў турнірнай табліцы.

У другой частцы італьянскага чвэрцьфінальнага супрацьстаяння лідары серыі А футбалісты „Напалі” прымуць на сваёй арэне „Мілан”, якому на мінулым тыдні прайгралі 0:1. У мінулую суботу ў 30-м туры чэмпіянату Італіі абодва супернікі згулялі ўнічыю – неапалітанцы  не змаглі абыграць „Верону” – 0:0, а міланцы таксама на выездзе разышліся мірам з „Балоняй” – 1:1. „Напалі” ўзначальвае турнірную табліцу, набраўшы 75 ачкоў, а „Мілан” займае 4-е месца, маючы ў сваім актыве 53 балы.

Няпомняшчы абыграў Дын Ліжэня ў сёмай партыі

Адбылася сёмая партыя матча за шахматную карону паміж расейцам Янам Няпомняшчым і кітайцам Дын Ліжэнем, у якой перамог расейскі гросмайстар. Лік пасля сямі партый – 4:3 на карысць Няпомняшчага.

Майк Тайсан дапусціў магчымасць рэваншу з Халіфілдам

Былы чэмпіён свету па боксе Майк Тайсан дапусціў магчымасць рэваншу з Эвандэрам Холіфілдам, пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю TMZ.

«Мне трэба пагаварыць з людзьмі. Калі я бачу людзей з грашыма, мая галава пачынае лепш працаваць», — сказаў Тайсан. Тайсан і Холіфілд сустракаліся на рынгу два разы. У першым баі 9 лістапада 1996 года Холіфілд перамог тэхнічным накаўтам у 11-м раўндзе. Матч-рэванш адбыўся 26 чэрвеня 1997 года і завяршыўся перамогай Холіфілда пасля дыскваліфікацыі суперніка ў трэцім раўндзе. Менавіта ў тым баі Тайсан адкусіў суперніку частку вуха. Паведамленні аб трэцім баі з’яўляліся не раз за апошнія гады, але бакі да гэтага часу не маглі дамовіцца аб умовах.

Беларускае Радыё Рацыя