Вытворца гарэлкі Absolut спыніць экспарт прадукцыі ў Расею
Шведскі вытворца гарэлкі Absolut спыняе экспарт сваёй прадукцыі ў Расею ў выніку хвалі крытыкі, з якой кампанія сутыкнулася пасля навіны аб аднаўленні паставак. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
У Pernod Ricard заявілі Reuters, што рашэнне спыніць экспарт у Расею было прынята праз «абавязак праяўляць клопат аб супрацоўніках і партнёрах».
На мінулым тыдні віцэ-прэзідэнт кампаніі Absolut Паўла Эрыксан заявіла, што пасля ўварвання расейскага войска ва Украіну французскі канцэрн Pernod Ricard, уладальнік кампаніі Absolut, выконвае санкцыйныя абмежаванні Еўразвязу.
Разам з тым кампанія «пастаўляе прадукцыю ў аб’ёме, здольным абараніць мясцовых супрацоўнікаў і забяспечыць мясцовым арганізацыям эканамічную ўстойлівасць». Гэтая заява выклікала хвалю крытыкі ў Швецыі і заклікі да байкоту Absolut.