Велікодныя дні — вечнасць для нас усіх! (2)
Перадвелікодны тыдзень прынёс у маёй сям’і яшчэ адно пахаванне. Памёр дзядзька Валодзя, апошні бацькаў брат. Было яму 86 гадоў. У жывых засталася яшчэ толькі цёта Ніна з іхняй сямейкі з дзесяці асоб. Перад маімі вачыма, здаецца, бачу іх усіх: дзед Мікалай і баба Олька і іхнія дзеці — мой тата Іван і яго браты Валодзя, Пеця, Коля, Віктар і сёстры Ніна і Надзея. Была яшчэ адна сястрычка Оля, але яна памерла ў маленстве. На прыхадскіх вэрстоцкіх могілках спачываюць яна і мой бацька, побач нашай мамы і сваіх бацькоў. Лёс і пушчанская беднасць прымусілі паехаць за працай і хлебам перш-наперш маіх сямейнікаў на Сілезію, дзе пачыналі сваё дарослае жыццё. Шахты патрабавалі маладых рук з Беласточчыны, але праца пад зямлёю была не па душы тым пушчанскім, ветрам падшытым свабодалюбам. У Глівіцах пахаваны дзядзька Пеця, што працаваў на чыгунцы і быў вялікім аматарам рэйкавых падарожжаў. Ягоная жонка Сафія з’явілася там з не менш беднага рэгіёна Польшчы — Кялеччыны. У Кнурове ў іх нарадзіліся чатыры дачкі, а нас было чатырох братоў. Затым нічога дзіўнага, што гэта было заўсёды тэмай для жартаў у час сямейных застолляў.
Доўгія гады ў Глівіцах жыла цётка Ніна са сваім мужам Іванам родам з Мора, блізкім сваяком Віктара Шведа. На пенсіі набылі кватэру ў Беластоку пры царкве Святога Духа, каб быць бліжэй Бога і сваіх людзей. Цётка Надзя, якая першая ў нашай сям’і закончыла беларускі ліцэй у Гайнаўцы і выйшла замуж у Астралэнку, дзе і пахаваная побач мужа Мечыслава. У Астралэнцы пахаваны і наймалодшы сямейнік дзядзька Віктар, які памёр трагічным чынам. Згаданы толькі, што адышоўшы дзядзька Валодзя са сваёй жонкай Зінай з Мілейчыч пазнаёміліся ў Сілезіі, але хутка вырашылі вярнуцца ў Гайнаўку, а затым пераехалі ў Беласток, дзе і складаюць свае косці. Дзядзька Коля патрапіў найбліжэй ад роднай хаты, бо ў непадалёкія Кляшчэлі і там закончыў сваё зямное жыццё. Ягоная жонка Марыя выводзіцца са старога кляшчэлеўскага роду. Не пішу тут пра сваіх дваюрадных братоў і сясцёр з татавага боку, бо гэта моцна жывыя гісторыі, але мой брат Юрка вядзе дакладна наш генеалагічны радавод і на бягуча папаўняе ўсё, што дзеецца ў сямейным зямным быцці.
У памінальны перыяд хачу ўзгадаць і сям’ю з боку маёй мамы Надзеі з дому Хмель, якая родам з Елянкі, што таксама ў Дубіцкай гміне. Сям’я з боку мамы таксама была шматдзетнай, адзінаццаць чалавек, але ў адрозненні ад татавай — яны не раз’ехаліся па ўсёй Польшчы. Мая бабуля Варвара і дзед Майсей былі людзьмі моцна веруючымі і прыклады хрысціянскіх паводзін былі для іх хлебам штодзённым. Дарэчы, гэтая вёска славіцца на ўсю ваколіцу вялікай колькасцю праваслаўных святароў, што пайшлі за Божым голасам. Тут таксама былі і моцныя духам пратэстанцкія прапаведнікі, з якіх найбольшую славу прыдбаў Сахар Елянскі.
У маіх елянскіх дзядуляў было дзявяцера дзяцей: сыны Аляксандр, Мікалай, Вася, Іван і дочкі Каця, Олька, Гандзя, Жэня і наша мама Надзя. Жыве яшчэ толькі цёця Жэня, што выйшла замуж у Дашы. Цёця Каця жыла ў Москоўцях, цёця Олька ў Чахах-Арлянскіх, мая хрышчоная Жэня ў Грабаўцы, ну і зразумела наша мама Надзея прывандравала ў пушчанскі Доўгі Брод. Трагічна склаўся лёс маміных братоў. Ніводзін з іх не памёр натуральным чынам, часта ў трагічных абставінах. Мабыць, усё гэта падзейнічала і на цяжкую, шматгадовую хваробу маёй мамы. Менавіта ад перажыванняў, асабліва пасля смерці наймалодшага брата Івана, пайшлі яе вялікія праблемы са здароўем. Іван пахаваны ў роднай Елянцы, Вася — у нашым прыхадскім Вэрстоку, Коля — у Гайнаўцы, Аляксандр — у Белавежы.
І цяпер можам уявіць як выглядалі святочныя гасціны, ці сямейныя хрысціны, вяселлі, паховіны. Колькі людзей было толькі з самых найбліжэйшых сем’яў з абодвух бакоў з іхнімі дзецьмі! А такія сустрэчы, вядома, не адбываліся без запрашэння ўсіх дваюрадных і траюрадных. Адным словам — хата поўная гасцей і людзей — у выпадку нашай сям’і гэта была менавіта тая радасць, якой так мне не хапае ўжо ў сённяшнім часе. Таму маё дзяцінства і маладосць, нягледзячы на матэрыяльную беднасць, былі шчаслівымі, вясёлымі і сямейнымі. Перад правадной нядзеляй перад усімі адышоўшымі, а таксама тымі нашымі цёткамі і дзядзькамі кажу радасна
— Хрыстос Уваскрос!
Яўген Вапа, „Ніва”, №17, 2023 г.